TAIZÉ

Пілігрымы супакою

Культывуючы надзею

 
Сваім сведчаннем з намі дзеліцца Рым Мічэл Гансалвес, якая нарадзілася ў Газе, але жыве ўва Францыі. Яе маці – палестынка, праваслаўная хрысціянка з Ерузалема. У 1948 годзе яна разам з бацькамі знайшлі прытулак у Газе. Іх, як і многіх палестынцаў, прыняў Каталіцкі Касцёл. Яе бацька нарадзіўся ў Газе, па паходжанні – егіпцянін, хрысціянін-копт, і ў Газе быў млынаром.

Як вядома, у Газе працягваецца гвалт. Бомбы працягваюць забіваць усё больш людзей, пацярпела мая сям’я. Дзве жанчыны, Нахед і яе дачка Самар, былі забіты каля касцёла Святой Сям’і, дзе мы з Хасэ вянчаліся. Гэты храм заўсёды быў прытулкам для хрысціян, а з 7 кастрычніка і для маёй сям’і. Нам трэба змагацца з нянавісцю, спрабаваць знайсці надзею і трымацца.

Часам мы можам страціць свае сілы, але нас падтрымліваюць паведамленні, якія мы атрымліваем, і сведчанні, якія даем мы. Зычэнні любові, скіраваныя рознымі людзьмі, знаёмымі і незнаёмымі, падтрымліваюць мяне, калі я губляю святло. Гэта мне вельмі дапамагае, таму што мы адчуваем сувязь, мы ў кантакце. Напрыклад, падчас нерэлігійнай цырымоніі перад помнікам Правам Чалавека, у памяць пра Жака Амеля, наш мэр Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ склаў даніну памяці і арганізаваў час разважанняў аб міры і спыненні агню ў Палестыне-Ізраэлі, маючы на ўвазе ўсіх мірных ахвяраў масавых забойстваў.

Любоў, якая нясе параненага, кволага, дае новыя сілы. Гэта прымушае мяне думаць пра паралітыка, якога нясуць яго сябры і іх вера. Малітва – гэта таксама спосаб супраціўлення, і гэта важна для мяне.

Але я чалавек: пасля паведамлення аб забойстве двух членаў маёй сям’і мяне ахапіла злосць, я крычала, плакала... Калі я апамяталася, я ведала, што побач з пакутай і роспаччу ёсць Бог, і што Ён нас нясе. Яго любоў супакойвае гэтыя цярпенні, над якімі Ён працуе ў маёй малітве. Я перакананая ў гэтым. Ён з імі, з імі ўсімі.

Па тэлебачанні мы бачым толькі знішчэнне Газы, амаль не відаць насельніцтва, але ўсё яшчэ ёсць невялікія жэсты ўзаемадапамогі і салідарнасці. Напрыклад, жыхар Газы, які да 7 кастрычніка 2023 г. публікаваў у сеціве кароткія відэазапісы аб пасадцы і зборы ўраджаю, цяпер працягвае паказваць, як трэба культываваць братэрства. Аднак усё ў яго доме было знішчана, і ён разам з сям’ёй схаваўся ў лагеры за некалькі кіламетраў, у намёце. У лагеры ён зноў пачаў вырошчваць гародніну, якой дзеліцца з тымі, хто жыве разам з ім. Змайстраваў нават печ, каб пячы хлеб. Калі я бачу гэтага чалавека і ягоныя ўчынкі, гэта дае мне надзею. Газа ўсё яшчэ жывая!

тэкст Рым Мічэл Гансалвес напісаны сумесна з Гіслейн і Хасэ