TAIZÉ

Разважанні Брата Алоіса

 
Сябры, штовечар у часе Еўрапейскае сустрэчы ў Валенсіі Брат Алоіс прыканцы малітвы дзяліўся сваімі разважаннямі. Тэксты гэтых медытацый мы публікуем ніжэй.

Брат Алоіс, Валенсія, вечар, панядзелак 28 снежня 2015 г.

Для кожнага з нас і для ўсіх разам з’яўяляецца вялікай радасцю прыехаць сюды і быць разам у гэтым прыгожым горадзе Валенсіі. Дзякуем усім тым, хто прымае нас тут. У гэты вечар я хацеў бы падзякаваць ім па-валенсійску: Брат чытае прамову ў валенсійскім дыялекце Дзякуй маладым і ўжо не такім маладым жыхарам горада і рэгіёну, дзякуй сем’ям і парафіям, мы кранутыя цеплынёю вашых сэрцаў.

Я прыехаў у суботу наўпрост з Сірыі, дзе я правёў Калядныя святы. Раней я быў у Ліване, дзе я наведваў двух маіх братоў, што перабываюць там ужо 2 месяцы. Блізкі Ўсход не так ужо й далёка ад нас, і тое, што там адбываецца, уплывае на сітуацыю ў Еўропе.

Кожны, каго я сустрэў у Сірыі, казалі мне: “Маліцеся за нас”. Давайце прыслухаемся да гэтага закліку і даверым Богу тых, хто пакутуе на Блізкім Усходзе. Давайце паспрабуем адказаць на самыя вострыя пытанні, якія задаюць нам: чаму адбываецца ўвесь гэты гвалт? Дзе Бог?

Я сустрэў Раство ў сірыйскім горадзе Хомс. Ступень разбурэнняў цяжка сабе ўявіць. Большая частка горада знаходзіцца ў руінах. Гэта горад-прывід. Некаторыя сем’і, праўда, спрабуюць зараз вяртацца дадому, адбудоўваючы з руінаў сваё жытло, без вады і электрычнасці.

У цэнтры горада перад зруйнаванаю грэка-каталіцкаю катэдраю парафіяне арганізавалі калядны вечар для дзяцей. Некаторыя маладзёны падрыхтавалі падарункі, малыя ж у знак падзякі спявалі. Я меў насамрэч рэдкае дасвядчэнне каляднага вечару, калі евангельскае пасланне супакою адчувалася так моцна.

У часе Раства мы прыгадваем пра тое, што Езус прыйшоў сведчыць аб бясконцае міласэрнасці Бога. Супраць Хрыста скіравалі гвалт, але нават тое не змагло перашкодзіць Ягонай любові.

Сёння па ўсёй зямлі новыя формы непакою, міграцыі, экалагічны і сацыяльны крызіс кідаюць выклік вернікам розных рэлігій і неверуючым, вымагаючы ад нас новых формаў салідарнасці.

Не губляючы цвярозасці, але супраціўляючыся страху, мы просім Бога: Пакажы нам, якім чынам мы можам зрабіць свой унёсак без прамаруджвання, у беспасрэднае блізасці і ўдалечыні, каб дазволіць Тваёй святлосці ззяць сярод усяго чалавецтва і пасярод цэлага тварэння.

Што мы павінны рабіць, калі сутыкаемся з цяжкасцямі? Бо, калі яны пачынаюцца, бывае ўжо занадта позна. Спіраль нянавісці і помсты надзвычай цяжка перапыніць. Гэтыя раны занадта глыбокія для сэрца, каб знайсці супакой.

Як лепш адкрыць нашыя вочы на прычыны канфліктаў? Гэта сэрцы, якія неабходна змяніць. Супакой павінен паходзіць з глыбокае крыніцы. Гэтая крыніца знаходзіцца ў супакоі, які Бог спасылае нам. Сапраўды, мір ва ўсім свеце пачынаецца ў сэрцы.

Каб быць жанчынаю ці мужчынаю супакою нам неабходная мужнасць. Гэта мужнасць Евангелля, мужнасць міласэрнасці, што вядзе нас да безварунковага адкрыцця сэрца на кожнага чалавека.

Цягам гэтых дзён у Валенсіі і праз увесь надыходзячы год мы будзьма разам шукаць спосабаў, як абудзіць нашую мужнасць міласэрнасці. Таму кожны з вас атрымаў пяць канкрэтных прапановаў. Яны змешчаныя ў буклеце, які вы атрымалі.

Заўтра вы будзеце дзяліцца першаю прапановаю, якая вядзе да крыніцы: як даверыцца Богу, які ёсць любоўю. У прыпавесці Езуса, што мы чыталі сёння, першы сын пакінуў свайго бацьку, але неўзабаве вярнуўся да яго з даверам, і ў бацькоўскім прыёме праяўляецца прыклад бязмежнае любові Бога. Гэта і ёсць нашая крыніца.

Брат Алоіс, Валенсія, вечар, аўторак 29 снежня 2015 г.

Пачатак малітвы:

На працягу некалькіх гадоў мы атрымлівалі запрашэнні прыехаць у Валенсію на Еўрапейскую сустрэчу. Летась, абвясціўшы, што гэта будзе магчыма ў гэтым годзе, я сказаў маладым гішпанцам: вы духоўныя сыны і дачкі Яна ад Крыжа, а таксама Тэрэзы з Авілы, чыю 500-сотую гадавіну народзінаў мы сёлета адзначаем. Яны абудзілі містычнае жыццё ў Гішпаніі. У сваю чаргу, цяпер вашае пакаленне пакліканае да таго, каб асвятляла вашыя краіны агнём абноўленае веры.

Прыязджаючы да Гішпаніі мы б хацелі атрымаць гэты агонь, які можа запаліць усю Еўропу. Прыязджаючы да Гішпаніі мы б хацелі адкрыць багатую разнастайнасць яе рэгіёнаў. Дзякуем Вам, Эмінэнцыя, шаноўны Кардынал Каньісарэс, і ўсёй Царкве Валенсіі, што прымаеце тут нас так цудоўна. Зараз да нас звернецца Кардынал (тэкст прамовы неўзабаве будзе апублікаваны па-беларуску), а пазней я скажу яшчэ некалькі слоў на завяршэнне нашае малітвы.

Напрыканцы малітвы:

Мінулым вечарам я сказаў вам, што правёў Каляды ў Сірыі. Перад паездкаю туды я быў у Ліване, які проста перапоўнены бежанцамі: амаль 2 мільёны бежанцаў на 4 мільёны жыхароў.

У Даліне Бека́а мы наведалі часовыя лагеры. Дакладна, як у Сірыі, я быў уражаны клопатам, які там кожны мае да дзяцей. У адным з месцаў бежанцы самастойна арганізавалі школу для дзяцей, у тым ліку для малых дашкольнага ўзросту. Я некалькі разоў чуў, што выхаванне дзяцей з’яўляецца прыярытэтам для гэтых людзей.

Іншым прыярытэтам для іх з’яўялецца сумеснае пражыванне ў сваёй разнастайнасці. Ліван дасылае нам заклік: з рознымі рэлігіямі можна жыць разам. Гэтая краіна ў сваім падмурку мае ўзаемную павагу. Нават пасля выпрабаванняў, якія пашыраюцца разам з грамадзянскаю вайною, ліванцы заўсёды вяртаюцца да гэтага ідэалу. Давайце маліцца разам, каб яны маглі тое працягваць.

Сёння ў прапанове кожнаму з вас была просьба даручыць сябе Божае міласэрнасці, якая назаўсёды застанецца крыніцаю натхнення. Прысвячаючы наступны год пошукам таго, як жыць міласэрнасцю, такім чынам мы далучаемся да Году Міласэрнасці, які абвясціў папа Францішак; мы спадзяемся адкрыць, што Царква – гэта, перадусім, супольнасць любові і прабачэння. Больш грунтоўна вы зможаце паразважаць на гэтую тэму заўтра раніцаю.

Безумоўна, нашыя супольнасці, парафіі, групы часцяком даволі далёкія ад таго, што мы пра іх думаем. Але Святы Дух прысутнічае ў Царкве і дазваляе нам хадзіць шляхамі прабачэння.

Міласэрнасць і спачуванне – гэта тыя каштоўнасці з Евангелля, што могуць быць адказам на выпрабаванні, з якімі сутыкаюцца нашыя грамадствы; міласэрнасць і спачуванне здольныя знішчыць спіраль гвалту паміж людзьмі. Многія хрысціяне па ўсім свеце аддаюць сваё жыццё для прымірэння і супакою. У гісторыі хрысціянства многія пакутнікі заклікалі любіць і прабачаць.

Прабачэнне – гэта тое слова, якое не заўсёды прысутнічае на нашых вуснах. Бываюць нават выпадкі, калі мы не можам прабачыць. Але, прынамсі, мы можам даверыць Хрысту тых, хто робіць няправільна, і сказаць, як Ён, калі быў на крыжы: “Ойча! Прабач ім, бо не ведаюць яны, што робяць”.

Для таго, каб Царква магла стаць яшчэ большаю супольнасцю любові і прымірэння, мы, хрысціяне, павінны тэрмінова знайсці адказ на гэтае пытанне: як паказаць, што адзінства магчыма пры захаванні плюралізму?

У мэтах сумеснага набліжэння да прымірэння хрысціян неабходна лепш пазнаць адзін адно, не толькі на Захадзе: таксама ў адносінах хрысціянаў на Ўсходзе і Захадзе. Вось чаму мы некалькі разоў з некаторымі братамі і моладдзю з розных краін скіроўваліся ў пілігрымкі ў Стамбул, Маскву, Менск, Кіеў і Львоў.

Гэтыя паломніцтвы былі настолькі станоўчыя, што ў надыходзячым годзе мы здзейснім яшчэ адзін такі візіт, гэтым разам у Румынію. Патрыярх Данііл пагадзіўся, каб з 28 красавіка па 1 траўня 2016 года разам са 150 маладзёнамі мы змаглі ўдзельнічаць у праваслаўных пасхальных ўрачыстасцях
ў Бухарэсце.

Ці ведаем мы, што, як хрысціяне, маем асаблівы дар дзеля падрыхтоўкі шляху супакою і даверу на зямлі? Мы з’яўляемся Целам Хрыста; еднасць паміж тымі, хто крочыць за Хрыстом, можа стаць распазнавальнаю прыкметаю прымірэння для ўсяго чалавецтва.

Брат Алоіс, Валенсія, вечар, серада 30 снежня 2015 г.

Калі я быў на Раство ў Сірыі, лепш зразумеў, што азначае для людзей гэтае краіны ведаць: зона баявых дзеянняў заўсёды дзесьці блізка. Людзі прызвычаіліся чуць гук выбухаў.

Мне б хацелася распавесці гэтым вечарам найбольш праніклівыя словы, якія
я пачуў у Сірыі. Яны былі прамоўленыя адным з маладзёнаў: “Скажыце ў Еўропе, распавядзіце на сустрэчы ў Валенсіі, што большасць насельніцтва ў Сірыі заўсёды жыла і хоча жыць супольна, разам з рознымі рэлігіямі”.

Прыканцы малады сірыец сказаў: “Але наш голас не чуюць. Шум зброі больш гучны”.

Сутыкаючыся з гвалтам, нягледзячы на тое, дзе тое адбываецца, часам можна пачуць пытанне: дзе Бог? Бог там, ён пакутуе разам з ахвярамі. Гэта з’яўляецца сведчаннем спагады і міласэрнасці для нас.

Часамі мы дазваляем нашым страхам загіпнатызаваць нас. Супраціўленне страху не азначае таго, што гэты страх знікне, але азначае, што не зможа нас спаралізаваць.

Аднаўленне братэрства паміж людзьмі з’яўляецца адзіным шляхам падрыхтоўкі будучыні супакою. Мы не павінны адкідваць магчымасці іншаму ўвайсці ў нашыя сэрцы, бо гэта насенне варварства.

Братэрства, шлях адкрыты Езусам, аб якім Ён распавядае ў прыпавесці пра добрага самараніна. Мы толькі што прачыталі пра гэта, а ікона Міласэрнасці, якая перад намі, гэта адлюстроўвае.

Мы, хрысціяне, бачная форма Царквы, але мы таксама верым, што Евангелле стварае больш шырокую супольнасць: у Божым сэрцы ўсе людзі з’яўляюцца адзінаю супольнаю сям’ёю. Ці мы цалкам прымаем разнастайнасць гэтае чалавечае сям’і? Калі ж не, мы не будзьма вартымі таго, каб патрабаваць усеагульнага братэрства.

Заўтра вы будзеце шукаць шляхі, якім чынам працягваць справу міласэрнасці ў сацыяльных аспектах: як перастаць баяцца чужынцаў, адрозненняў у культурах, якім чынам стварыць новы вобраз таго, што мігранты даюць нашаму грамадству?

Штотыднёва, вітаючы ў Тэзэ маладзёнаў з розным дасвядчэннем, пад час сустрэчаў на ўсіх кантынентах мы ажыццяўляем “паломніцтва даверу на зямлі”, мы спрабуем жыць гэтым універсальным братэрствам, якое падрыхтоўвае супакой.

Наступным летам, пасля тыдняў сустрэчаў у Тэзэ, мы арганізоўваем моладзевую сустрэчу ў Афрыцы. Будзе вельмі важным выслухаць, што кажа Святы Дух, прамаўляючы праз маладое пакаленне афрыканцаў, адзначанае такой моцнаю жыццёваю сілаю. Збяруцца некалькі тысяч маладзёнаў з Заходняе Афрыкі – але ўсе іншыя маладыя людзі таксама запрашаюцца – ад 31 жніўня да 4 верасня ў бенінскім горадзе Катану. Мы радыя прывітаць сёння тут сярод нас двух маладых святароў з Беніна, каталіцкага і пратэстанцкага.

А напрыканцы 2016 года адбудзецца 39-ая Еўрапейская сустрэча.

Брат Алоіс, Валенсія, чацвер, вечар 31 снежня 2015 г.

Нас так добра прынялі ў Валенсіі. Мне б хацелася падзякаваць сем’ям, парафіям, царкоўным лідарам, усім тым у адміністрацыі горада, рэгіёну Валенсія і ўсяго краю, якія зрабілі магчымым, каб нашая сустрэча адбывалася плынна.

Кожны вечар я распавядаў вам пра Сірыю, і багата хто дзівіўся: што мы можам зрабіць, калі сутыкаемся з гвалтам? Вось які адказ я пачуў: мы можам засведчыць, што Бог не хоча гвалту, што Бог – гэта любоў. І не толькі на словах, але й у нашым жыцці.

Давайце сведчыць пра тое, што Царква з’яўляецца сапраўднаю супольнасцю любові праз тое, што адкрытая на ўсіх абапал нас, праз гасціннасць, абарону прыгнечаных, дзяленне тым, што маем.

Варта пашыраць братэрства ў нашым грамадстве, бо знакі надзеі заахвочваюць нас. Адным з такіх знакаў з’яўляецца ініцыятыва сумеснага дзялення, якая становіцца ўсё больш папулярнаю, напрыклад, сярод тых, хто мае дачыненне з беспрацоўнымі, альбо мігрантамі.

У Тэзэ мы рады, бо наконадні нам удалося прыняць на нашым ўзгорку хрысціянскую сям’ю з Ірака. Яны тут з намі ў Валенсіі.

Мы таксама прынялі адзінаццаць маладых мігрантаў-мусульман з Судана і Афганістана. Падчас пасілкаў яны сказалі нам, што яны асудзілі тых, хто выкарыстоўвае іслам для здзяйснення злачынстваў.

Такі звычайны кантакт з мусульманамі змяняе нашае стаўленне. Будучы хрысціянамі мы хочам даведацца, як Бог можа прысутнічаць таксама й ў іншых рэлігіях. І разам з імі мы павінны прызнаць, што немагчыма апраўдаць гвалт, які чыняць у імя Бога.

Яшчэ адною прыкметаю надзеі ёсць тое, што разумеюць многія людзі: братэрства
і міласэрнасць павінны распаўсюджвацца на нашае цудоўнае планеце, у дачыненні да ўсяго стварэння. Зямля наш агульны дом. Нашая салідарнасць з усім стварэннем таксама з’яўляецца спосабам пошуку супакою.

Эксплуатацыя багаццяў зямлі без уліку салідарнасці з будучымі пакаленнямі – гэта проста несправядліва і эгаістычна. Кожны можа ўнесці свой уклад у будучыню свету, дзелячыся і выбіраючы з гэтае нагоды сціплы лад жыцця.

І давайце трываць у малітве за супакой. Ці можам мы ўсе кожны нядзельны вечар правесці паўгадзіны ў маўчанні ў царкве? Паўгадзіны пасвяціць, перадусім, давяраючы Богу краіны і народы, якія пакутуюць ад гвалту, а таксама запрашаючы святло Хрыста да сябе.

Мы спадзяемся, што нашая пілігрымка ў гэтыя дні можа ўдзельнічаць у будаўніцтве Еўропы пры ўсёй сваёй выдатнай разнастайнасці, у той час, калі рызыкоўныя сумневы ахопліваюць Еўропу, чые народы больш згуртаваныя адно з адным, у будаўніцтве Еўропы большае салідарнасці з іншымі кантынентамі.

У гэтым годзе мы, браты, хацелі б жыць новым знакам салідарнасці паміж кантынентамі. У лютым двое з нас паедуць жыць на Кубу і створаць невялікую супольнасць братэрства і сумеснага дзялення. Я ўсцешаны абвесціць пра тое, паколькі Гішпанія заўсёды была блізкая Кубе.

Вярнуўшыся дадому, мы ўсе імкнемся быць сведкамі супакою вакол нас. Памятайма: кожнае нашае жыццё можа стаць маленькім агеньчыкам святла супакою, які свеціць у цемры, нават калі полымя часам здаецца слабым і кволым.

Праз Ягоную таямнічую прысутнасць, Хрыстус, Уваскрослы Пан, суправаджае нас. Ён пакорліва запытвае ў нас, як пытаў Пятра ў Евангеллі: “Ты мяне любіш?” І, як Пётр, мы хацелі б адказаць: “Ты ведаеш усё, Ты ведаеш, што я люблю цябе”.

Апошняе абнаўленне: 17 January 2016