TAIZÉ

2 студзеня 2024 г. | Малітва ў Мілане

Разважанне брата Мэцью

 

Пасля Cустрэчы ў Любляне, на зваротным шляху ў Тэзэ, браты Cупольнасці разам з сёстрамі святога Андрэя і валанцёрамі, якія даўжэйшы час перабываюць у Тэзэ, спыніліся ў Мілане, каб памаліцца з хрысціянамі гэтага горада. Малітва адбылася 2 студзеня 2024 г. у базыліцы св. Еўсторгія і была арганізавана ў супрацоўніцтве з аддзеламі па справах моладзі і экуменізму Міланскай архідыяцэзіі ды Рады хрысціянскіх Цэркваў Мілана.

На заканчэнне малітвы брат Мэцью прамовіў гэтае разважанне.


Аўторак, 2 студзеня 2024 г. | базіліка св. Еўсторгія, Мілан | Яна 1, 1-14

Віншуем усіх з Новым Годам! Мы разам з маімі братамі, сёстрамі святога Андрэя і валанцёрамі, якія жывуць з намі ў Тэзэ, вельмі ўдзячныя за магчымасць спыніцца ў гэтым цудоўным касцёле святога Еўсторгія, тут, у горадзе святога Амброзія, калі мы вяртаемся ў Тэзэ пасля нашае Еўрапейскае сустрэчы ў Любляне. Некаторыя з нас яшчэ памятаюць міланскія сустрэчы 1998 і 2005 гг., якія сабралі разам дзясяткі тысяч маладзёнаў з усяго кантынента на моманты малітвы і дзялення думкамі. Мы з удзячнасцю спаглядаем на тыя моманты, але адначасова пытаемся сябе: “Што сёння Дух гаворыць Цэрквам?”.

Сустрэча ў Любляне дазволіла нам затрымацца, памаліцца, а перадусім падзякаваць Богу за магчымасць пазнаёміцца і адкрыць для сябе жыццё хрысціянаў у Славеніі. Прыём у сем’ях быў па-сапраўднаму цёплым, што з’яўляецца знакам, што паходзіць непасрэдна з Евангелля. Сёння не так ужо й відавочна, каб адчыніць свае дзверы для іншаземцаў. З даўніх часоў хрысціяне наведвалі іншыя абшчыны, каб падбадзёрваць і ўмацоўваць адно аднаго.

Сёння мы ўсё больш усведамляем важнасць сумеснага падарожжа. «Сумеснае падарожжа»... так называецца Ліст, які быў падрыхтаваны да Сустрэчы і які будзе служыць асновай для разважанняў на працягу наступнага года ў вёсцы Тэзэ і падчас сустрэч у іншых частках свету. У сучасным свеце вельмі важна знаходзіць спосабы сумеснага вызнавання нашае веры, нават калі мы паходзім з розных хрысціянскіх традыцый.

Евангелле паводле Яна, урывак з якога мы толькі што пачулі, пачынаецца словамі «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова». Ян выразна спасылаецца на Кнігу Быцця: «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю... І сказаў Бог: хай будзе святло». Стварэнне адбываецца праз Божую прамову, праз Божае слова.

Відавочна, тым не менш, што Ян мае на ўвазе Езуса Хрыста, калі ён кажа «Слова», нават калі ён узгадвае Ягонае імя толькі некалькі вершаў пазней. Бог стварае і аднаўляе праз сваё Слова, якое пастаянна прамаўляецца, праз Хрыста, які не абмежаваны часам і прасторай, але ўваходзіць у наш свет, каб выконваць сваё служэнне.

«Слова сталася целам і пасялілася між намі». Слова, праз якое ўсё існуе, сталася целам у Езусе. Глыбіня гэтай таямніцы здзіўляе нас. Гэта апавяданне Яна пра нараджэнне Езуса, якое мы святкуем гэтымі днямі. Без таго, каб Бог стаў чалавекам, не было б жыцця, смерці і ўваскрасення Езуса. Гэта нешта так вельмі істотнае для нашага разумення Божае любові да нас.

Бог прыйшоў, каб жыць сярод нас у Езусе. Што сёння гэта значыць для нас? Нямашака чалавечага вопыту, настолькі схаванага, каб Божая ласка не змагла б дасягнуць яго. Нямашака такога чалавечага сэрца, у якім не магла б узрасці любоў да Бога. Нямашака такога цёмнага моманту, які мог бы згасіць Божае святло, якое ў ім працягвае свяціць. Аніякая частка маёй чалавечнасці, аніякая частка вашае чалавечнасці не знаходзіцца па-за межамі дасяжнасці Божае любові, таму што Слова стала чалавекам. Да ўсяго, што ў нас зламана, можна дакрануцца, можна вылечыць, таму што Езус быў чалавекам і спазнаў нашыя слабасці. Слова сталася целам сярод найбяднейшых з бедных.

Мы разумеем, з якой неверагоднай пакорай Бог прыйшоў пасяліцца сярод нас. На грэцкай мове ў арыгінальным тэксце даслоўна напісана: «І Слова сталася целам і паставіла свой намёт сярод нас». Слова, якое пілігрымуе ў гісторыі, становіцца пілігрымам у нашае гісторыі. Мы сустракаем Бога, які гатовы падарожнічаць сумесна з намі.

«Сумеснае падарожжа» – гэта, як я ўжо казаў, тэма Ліста на 2024 год. У тым выпадку, калі мы ўсвядомім, што Бог крочыць з намі, ці гатовыя мы крочыць з іншымі? З багата кім мы крочым сумесным шляхам, нават гэтага не ўсведамляючы.

Я не магу забыць экуменічнага малітоўнага чування пад назвай «Разам», якое мы перажылі на плошчы Святога Пятра ў Рыме 30 верасня мінулага года. Па запрашэнні папы Францішка мы сабраліся як Божы народ з розных хрысціянскіх традыцый, з самых розных слаёў насельніцтва, з усіх слаёў грамадства. У малітве, праз заступніцтва і ў цішыні мы даверылі Святому Духу працу Сінода Біскупаў Каталіцкага Касцёла. Разам з папам Францішкам дваццаць іерархаў і прадстаўнікоў розных Цэркваў удзялілі сумеснага дабраслаўлення. Сумесна яны стаялі і маліліся перад Крыжам.

Сінод у Каталіцкім Касцёле – гэта працяглы працэс, які скончыцца другой сесіяй у кастрычніку 2024 г. Як вы, маладзёны, можаце прыняць удзел у гэтым падарожжы? Запрашэнне папы Францішка ясна паказвае, што вітаецца ўклад хрысціян усіх традыцый. Ці гатовыя мы крочыць адным шляхам?

Калі мы можам гэтак зрабіць, тады як хрысціяне, ужо разам, нібы дрожджы ў цесце, мы зможам змяніць сітуацыю. Ці мір паміж намі не даў бы большай надзеі на мір у свеце? Ці гатовыя мы вырушыць у якасці пілігрымаў міру, працягваючы нашую Пілігрымку Даверу на Зямлі, якую цягам гадоў ажыццяўляла Абшчына Тэзэ?

У рамках чування «Разам» па ўсім свеце адбылося больш за 200 розных ініцыятыў, звязаных з малітвай у Рыме. Якія ініцыятывы мы можам сёння прадпрымаць як пілігрымы міру ў нашых розных краінах? У Любляне мы заахвоцілі моладзь менавіта да гэтага. Як мы можам маліцца, сустракацца і нават хадзіць з месца на месца, ад храма да храма, шукаючы шляхоў супакою?

Ці адважымся мы чарговы раз выправіцца ў дарогу не ў самотнасці, але разам з іншымі, узаемна ўзбагачаючыся, сумесна падарожнічаючы?

А потым прыязджайце ў Тэзэ на Вялікдзень альбо ўлетку! Месца знойдзецца ўсім! Дзякуй таксама хору, які падрыхтаваў спевы на гэты вечар. Усім дзякуй.

Апошняе абнаўленне: 4 January 2024