TAIZÉ

Вугоршчына

Дапамагаючы бежанцам

 
Ферэнц, айцец сям’і, што жыве ў Тэзэ ўжо некалькі гадоў і дапамагае прымаць моладзь, скіраваўся ў Вугоршчыну, каб сустракаць дзясяткі тысяч мігрантаў, што прыбываюць у гэтую краіну. Будучы па нацыянальнасці мадзьярам, ён прыгатаваў трох маладзёнаў з Тэзэ, каб тыя правялі некалькі тыдняў паводле праекту “Small Provisional Community”. Вось, што ён піша:


здымак: Kristóf Hölvényi

Мы прыехалі каля апоўдня разам з Крыстофам, маладым фатографам, на мяжу, што дзеліць Вугоршчыну і Сербію. Пасля таго, як мы выехалі па-за адносна ціхую вёску Röszke, раптоўна перад намі вырас лагер, што займаў 2 ці 3 гектары па абодвух баках малое прасёлачнае, ледзьве заасфальтаванае дарогі. Там былі намёты ўсіх колераў, некалькі вялікіх намётаў, два зялёныя дамы побач з фермаю былі пераробленыя ў інтэрнаты, сорак туалетных кабін і ўнушальная колькасць людзей. Гэты было месца прыбыцця і размеркавання бежанцаў у Вугоршчыне. Ля ўваходу ў лагер паблізу суседняе вёскі два валанцёры з Нямеччыны рэгулявалі рух і скіроўвалі ўсе машыны ў накірунку паркінгу, што быў зроблены на полі. Яны дазвалялі толькі некаторым машынам вугорскае паліцыі, карэтам хуткае дапамогі ды аўтамабілям разнастайных гуманітарных арганізацый, што дапамагаюць бежанцам, праязджаць далей на тэрыторыю лагера.


здымак: Kristóf Hölvényi

Па рэйках, што перасякалі невялікую шашу пад простым вуглом, цягнікі не курсавалі ўжо гадамі. І балазе, бо паток людзей быў вельмі шчыльным і не спыняўся. Вы можаце ўявіць тое, прыгадваючы сабе, як выглядае дзень прыбыцця пілігрымаў у часе Еўрапейскіх Сустрэч: бясконцы ланцуг людзей, што пешшу крочаць з поўдня ў накірунку поўначы.

Адразу мне кінулася ў вочы, колькі тут было сем’яў з дзецьмі, часам з немаўлятамі ў вазках, якія не былі занадта прыстасаваныя да руху па чыгуначных шпалах; цяжарныя жанчыны, старыя кабеты і мужчыны ў сталым узросце, якім дапамагалі тыя, хто быў маладзейшы. Добрыя паўгадзіны я правёў стоячы на месцы і не патрафіўшы прамовіць ані слова, толькі змахваючы слёзы. Заплечнікі гэтых людзей былі значна меншымі ад тых, з якімі звычайна прыязджаюць маладыя ўдзельнікі Сустрэчаў Тэзэ да нас у вёску на адзін тыдзень. Найшчасліўшыя мелі паходныя заплечнікі, але большасць мела толькі пластыкавыя торбы, нібы вярталіся пасля закупаў з супермаркету дадому.

Мы шпацыравалі з Крыстофам аж да самое мяжы з Сербіяй, ідучы насустрач патоку бежанцаў. Яны выглядалі вычарпанымі, часцяком напужанымі, але адразу пачыналі ўсміхацца, калі чулі ад нас першыя словы, якія мы маглі прамовіць па-арабску ці ангельску: мархаба, ассаламу малейкум (ар. “прывітанне”), welcome... Некалькі метраў перад мяжою, па вугорскім баку, высіўся жудасны вялічэзны металічны плот, збудаваны 25 гадоў па тым, як перастала існаваць “жалезная заслона”. Таго дня, кавалак, дзе прабягала чыгунка, быў надаль адкрыты і таму кожны тут мог прайсці. Некалькі соцень метраў мы прайшлі таксама па сербскім баку. Памежнікі і некалькі вугорскіх жаўнераў глядзелі на нас моўчкі, але па сербскім баку мы не ўбачылі анікога з афіцыйных службаў. Пункт перасячэння мяжы паміж дзвюма краінамі стаў цэнтрам увагі ў сусветных СМІ, таму можна было тут ўбачыць камеры найбольш вядомых сусветных тэлекампаній...


здымак: Kristóf Hölvényi

Вярнуўшыся на тэрыторыю Вугоршчыны, я паразмаўляў з маладзёнамі з мясцовага офісу Высокага Камісара ААН да спраў бежанцаў, якія прыбылі з Будапешту і лічылі людзей ля брамы. Сярод іх была жанчына-сірыйка, што няспынна паўтарала па-арабску найбольш важную інфармацыю для сусетных СМІ: “Пасля 10-хвіліннага шпацыру вы дойдзіце да пункту першага прыёму, дзе вы атрымаеце ежу, медыцынскую дапамогу, індывідуальныя намёты, вопратку, абутак, коўдру, калі будзеце жадаць правесці ноч... пасля гэтага вугорскімі блакітнымі аўтобусамі вас перавязуць у лагер для бежанцаў, дзе вас прымуць, каб скласці заяву на афармленне прытулку”.

Паводле Дублінскага дакументу, які Вугоршчына стараецца больш-менш паважаць, заява на афармленне бежанскага прытулку павінна быць аформлена на тэрыторыі першае краіны Еўразвязу, да якой бежанец прыбывае. Ён мусіць аформіць заяву і пакінуць адбіткі пальцаў. Менавіта той апошні пункт багата каго напалохаў... Так, цягам толькі аднаго суботняга дня 12 верасня 2015 г. вугорскія ўлады перавезлі аўтобусамі ў розныя лагеры для бежанцаў 4500 людзей. Для параўнання: агенцыі і службы ААН падзяліліся з намі па сакрэце інфармацыяю, што мяжу за той час на 10 гадзінаў вечару перасяклі больш 11 тысяч людзей! Тыя, хто не сядаў да аўтобусу, крочылі пра кукурузнае поле, а маіс у гэты перыяд году быў асабліва высокі. Большасць наўпрост скіроўвалася да кантрабандыстаў, што чакалі на паблізкае заправачнае станцыі ў палутара кіламетрах адсюль. Яны таксама прапаноўвалі аўтобусы да Будапешту (а гэта 220 км), але ўжо за цану ў 100 еўра. Пра кошты праезду да Вены ці Мюнхену мы не даведаліся. Найбяднейшыя працягвалі свой шлях пешшу ў накірунку бліжэйшае чыгуначнае станцыі, але часцяком былі спыняемыя паліцыяй, што патралявала гэты рэгіён.

Было незвычайна бачыць, як быў арганізаваны лагер для бежанцаў без аніякага цэнтральнага адміністравання, і якім чынам самыя разнастайныя арганізацыі супрацоўнічалі адно з адным. Гэта ўжо зусім іншы вобраз Вугоршчыны ды й Цэнтральнае Еўропы, які не быў абавязковаю часткаю трансмісій сусветных медыяў. Я бачыў таксама маладзёнаў, што сваімі машынамі прыязджалі з Будапешту і пыталіся, ці могуць быць у чымсьці карыснымі. Ужо праз пяць хвілін яны атрымоўвалі налепку “валанцёр”, якую ўмяшчалі на вопратцы, і раздавалі ежу альбо збіралі смецце ў няспынна растучыя горы на тэрыторыі лагеру. Я перакананы, што ў вугорскім грамадстве пачалося нешта істотнае, і таму зараз багата хто пажадае працягваць займацца канкрэтнае доўгатэрміновае дапамогаю для бежанцаў. Так, сапраўды, некаторыя палітыкі вядуць жудасную палітычную гульню, дзе найбольш важнымі лічуцца надыходзячыя выбары. Так, сапраўды, вугорскія біскупы маюць клопат з інтэрпрэтацыяй слоў папы Францішка. Так, у грамадстве пануе сапраўдны страх, які варта разумець і прыслухоўвацца да голасу людзей. Але таксама тут столькі добрае волі, столькі людзей на вуліцах, на чыгуначных станцыях ды граніцы знянацку вырашылі прыйсці на дапамогу бежанцам. Усе гэтыя асобы дэманструюць, што такая гасціна - гэта не пусты гук, і што тое надаль існуе ў нашым грамадстве.

Маладыя валанцёры з Тэзэ, што прыбылі ўжо пасля таго, як 15 верасня 2015 г. вугорскія ўлады замкнулі мяжу, магчыма й не ўбачаць больш вялічэзных натоўпаў бежанцаў, што перасякаюць дзяржаўную граніцу, як тое было яшчэ тры ці чатыры тыдні перад гэтым. Але некаторыя надаль тут, некаторыя былі завернутыя ці накіраваныя зноў у Вугоршчыну іншымі краінамі Еўразвязу, яшчэ іншыя надаль прыбывалі з Сербіі, Харватыі і Румыніі. Кантрабандысты на тым скалацілі сапраўдны бізнэс. Таму мы лічым, што найбольш карысным, што зараз можна зрабіць, гэта ўключыцца ў праграму “Hospes venit, Christus venit”, заініцыяваную езуітамі. Паводле праграмы прадугледжана:
1. Сабраць заяўкі на дапамогу бежанцам, здзяйсняючы такім чынам хуткую дапамогу.
2. Падключыць да дыялогу вугорскае грамадства.
3. Таварышыць бежанцам, што складаюць унёсак пра прытулак у Вугоршчыне, у працэсе інтэграцыі.

Актуальны праект

Канкрэтна з наступнага тыдня валанцёры з Тэзэ штодзённа будуць ездзіць у былы прытулак на поўначы Будапешту, куды скіроўваюць усіх непаўнагадовых бежанцаў, што прыбываюць да Вугоршчыны без бацькоў. Надзея палягае на тым, каб дапамагчы гэтым дзецям, якія ўсё страцілі, каб іх дні былі больш радаснымі.

« Hospes venit, Christus venit »

Апошняе абнаўленне: 1 September 2017