TAIZÉ

Пілігрымка Даверу на Карыбах

 
Цягам кастрычніка 2014 г. Брат Алоіс разам з чатырма іншымі братамі правялі некалькі тыдняў, наведваючы Карыбскія краіны. Сабралося багата моладзі, каб прыняць удзел у малітвах у Пуэрта-Рыка, на Гаіці і Кубе, сама ж паездка скончылася ў Дамініканскае Рэспубліцы, дзе прайшла моладзевая сустрэча.

Пілігрымка распачалася малітваю ў пуэрта-рыканскае катэдры ў Кагуасе. Біскуп Рэўбен, які часцяком наведвае Тэзэ, арганізаваў цудоўны цёплы прыём для братоў. Брат Алоіс таксама быў запрошаны ва ўніверсітэт, каб выступіць з прамоваю на тэму душпастарскае працы Супольнасці, якую браты праводзяць з моладдзю.


Ад пятніцы 10 кастрычніка да панядзелку 13 кастрычніка браты былі на Гаіці. Першая з трох малітваў адбылася ў Пеціт-Рыўер дэ Ніп (фр. Petite-Rivière des Nippes), мястэчку ў прыгожым месцы па-над морам. Наступнага дня братоў чакалі ў цэнтры краіны, у г. Энш (крэол. Ench; Hinche). У старое катэдры ўдзельнікі мелі час на інтэнсіўную малітву са спевамі з Тэзэ, але таксама й з рознымі іншымі добравядомымі мясцовымі песнямі. На трэці дзень браты здейснілі кароткі візіт да Сясцёр Міласэрнасці, што жывуць у непасрэднае блізасці ад Сітэ-Салей (фр. Cité Soleil), размешчанага на прадмесцях сталіцы Порт-о-Прэнс. У 1983 г., калі Брат Ражэ быў на Гаіці, ён жыў з групаю братоў недалёк адсюль. Апоўдні ў цэнтры горада адбылася малітва з удзелам моладзі. Паўсюль, дзе маладзёны прымалі ўдзел у малітве, браты былі кранутыя стараннасцю, з якой яны тое чынілі.

З Гаіці пілігрымка перанесла братоў на Кубу. Малітвы адбыліся ў Гаване і Матансасе. Ужо па вяртанні да Тэзэ пэўнага вечару Брат Алоіс падзяліўся сваімі ўражаннямі адносна візіту з моладдзю, што сабралася ў Храме Паяднання:

На Кубе мы былі здіўленыя, што на нас так чакалі. Адзін з нашых братоў быў там яшчэ ў 1970-ых гг., тым не меней, тое было ўпершыню, калі мы афіцыйна наведалі гэтую краіну. Кубанцы, асабліва моладзь, адчайна імкнуцца вырвацца са сваёй ізаляцыі, яны патрабуюць адчуць сябе бліжэй да маладзёнаў з іншых краін, просячы нас прывітаць вас усіх ад іх імя.

У Гаване і Матансасе перад малітваю браты правялі сустрэчу з маладзёнамі. Некаторыя групы з іх прыбылі здалёк, каб паўдзельнічаць у спатканні. Пэўная група адбыла дванаццацігадзіннае падарожжа аўтобусам з Сант’яга-дэ-Куба. Падчас сустрэчы багата маладзёнаў задавалі пытанні наконт веры, малітвы, жыцця салідарнасцю з іншымі ў сучасным свеце. Брат Алоіс папрасіў, каб яны напісалі свае інтэнцыі, а потым прынеслі іх братам падчас малітвы вакол крыжа.

Ад пятніцы 17 кастрычніка па нядзелю 19 кастрычніка пілігрымка наблізілася да Санта-Дамінга, дзе пяцёра братоў сабраліся разам, каб паўдзельнічаць у моладзевае сустрэчы з некалькімі сотнямі маладзёнаў з усяе Дамініканскае Рэспублікі. Некаторыя з іх адбылі вялікае падарожжа на тую сустрэчу, між іншым з Чылі.

Піша Шэйла, дзяўчына з Санта-Дамінга:

“Тая сустрэча ў рамках Пілігрымкі Даверу была дабраслаўленнем у маім жыцці. Яна пакінула мяне з адноўленаю вераю ў тое, што Бог прысутнічае ў самых простых жыццёвых сітуацыях, а таксама ў служэнні, якое мы ахвяруем іншым”.

Малітвы апоўдні ды ўвечары, а таксама сустрэчы на розныя тэмы адбываліся ў Калегіюм Лаёлы. На школьным двары моладдзю з місіі Гаіці ў Санта-Дамінга былі раздаваныя пасілкі. Спартовая заля была змененая ў месца набажэнстваў. У апошні вечар на малітву з сімвалам святла Ўваскрасення гарадская моладзь сабралася разам з дарослымі.

Удзельнікаў прымалі дванаццаць гарадскіх парафій. Моладзь з гэтых прыходаў прыгатавала час малітвы ды абмеркаванні суботнім ранкам і нядзельным папалуднем пасля Эўхарыстыі. Для тых, хто прыехаў з па-за гораду, сем’і адкрылі свае дамы, ахвяруючы пілігрымам гасціннасць.

Нядзельным ранкам браты прымалі ўдзел у літургіі ў вялікае парафіі, што знаходзіцца ў бедным прадмесці і лічыць каля 30 000 чалавек. Яны былі шчыра здіўленыя, бачучы амаль пусты касцёл. Маўляў, гэта была Місійная нядзеля, таму багата хто быў на місіях, месцах наведзінаў, размаўляючы з людзьмі перад тым, як позна ўвечары вярнуцца дадому і разам сабрацца на Эўхарыстыі. Парафія падзелена на чатыры аддзелы, дзе жанчыны і мужчыны адказныя за душпастарскаю апеку і навучанне веры. У кожным з аддзелаў існуе хатняя група, якая штотыднёва збіраецца на сустрэчы. Цягам усяго тыдня не адбываецца цэлебрацыі Эўхарыстыі ў галоўным касцёле, але штодня тое мае месца ў капліцы ці гаражы непадалёк. Святар кажа, што такія змены на пачатку былі складанымі, але зараз больш людзей маюць магчымасць прыйсці памаліцца дзякуючы гэтае ініцыятыве.

Моладзевая група Эль Чэркада (гішп. El Cercado) скіравала да нас сваё пасланне:

“Мы прагнем узяць як мага больш ад тых сустрэч, якія мы плануем зрабіць рэгулярнымі ў нашае парафіі. Мы распачалі малітоўнаю групаю, што сустракаецца раз на тыдзень, каб маліцца ў цішыні. Гэта дае нам магчымасць маліцца за найбяднейшых людзей нашага рэгіёну й на ўсім свеце. Гэта таксама мажлівасць падзякаваць за ўсе тыя дабраслаўленні, што Бог дае нам штодня. Цягам спаткання мы сустракаем моладзь з іншых рэгіёнаў краіны і замежжа, дзелячыся ідэямі, які падтрымліваюць нашую групу. Гэтае дасвядчэнне з’яўляецца сапраўдным дабраслаўленнем для нас”.

Пасля сустрэчы ў Санта-Дамінга адзін з братоў на некалькі дзён вярнуўся на Кубу. Многія людзі казалі яму: “Ты не забыўся на нашую краіну. Для нас вельмі важна ведаць, што мы не асамотненыя. Тое дапамагае нам трываць далей”.

Апошняе абнаўленне: 6 November 2017