TAIZÉ

Адвэнтавыя разважанні

 

II Нядзеля Адвэнту | Разважанне брата Комба

На Каляды існуе традыцыя дарыць падарункі. Падарунак, які я сёлета прапаную зрабіць Хрысту, – гэта прыгожы аўтамабіль, вядома, духоўны. Машына ўжо практычна гатовая, не хапае толькі колаў. Кожную нядзелю будзем ставіць дадатковае кола.

Першае кола было пастаўлена ў І Нядзелю Адвэнту, якое называецца «Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час» (Марка 13, 33); другое кола мы паставілі ў ІІ Нядзелю Адвэнту з дапамогай прарока Ісаі і Яна Хрысціцеля. Для гэтага кола была абраная назва «Суцешце, суцешце народ Мой! – кажа ваш Бог» (Ісаі 40, 1).

Словы «Суцешце, суцешце народ Мой! – кажа ваш Бог» – гэта сённяшняя тэма.

Голас абвяшчае: «у пустыні падрыхтуйце дарогу Пану». Мы ведаем, што жыццё на пустыні вельмі цяжкае; вельмі мала або амаль няма вады, вельмі мала расліннасці, амаль няма арыенціраў і г.д. Адным словам, жыцця амаль няма. Дык навошта марнаваць час і энергію на будаўніцтва ў гэтым месцы? Гэты вобраз павінен паказаць нам, што няма перашкоды, якую Бог не мог бы пераадолець. У жыцці чалавека Ён здольны зрабіць немагчымае магчымым.

«Як пастыр, – піша Ісая, – Ён будзе пасвіць статак свой; ягнятаў будзе браць на рукі і насіць на грудзях сваіх, з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак». Гэта ўжо вобраз добрага пастыра, на які будзе спасылацца Езус у Евангеллі паводле святога Яна ў 10 раздзеле. Добры пастыр, які клапоціцца пра сваіх авечак.

Вось пастыр, які суцешыць народ. Тады мы можам сказаць: Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх (2 Карынцянаў 1, 3-4).

Бог суцяшае нас, каб і мы маглі суцяшаць іншых. Падобна да таго, як мы атрымалі суцяшэнне ў той ці іншай сітуацыі, суцяшайма ж іншых. Бацькі, суцяшайце дзяцей у бядзе і няшчасці, дзеці суцяшайце бацькоў, братоў і сясцёр, суцяшайце іншых у іх няшчасці. Задача каласальная. Для выканання гэтае місіі нам патрэбна сіла.

У сённяшнім Евангеллі Ян Хрысціцель сказаў тым, хто прыходзіў да яго прыняць хрост для адпушчэння грахоў: «Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым». Дух Святы, дадзены Хрыстом, укажа нам дарогу і ўмацуе нас.

Вось і другое кола на месцы. У нас засталіся яшчэ два. Спадзяюся, да 25 снежня мы паспеем паставіць усе колы.


IІI Нядзеля Адвэнту | Разважанне брата Лео

У сённяшнім Евангеллі сустрэчу Яна Хрысціцеля са святарамі і лявітамі – якая нагодвае амаль допыт! – папярэднічаюць тры вершы. Яны таксама па-свойму адказваюць на пытанне, якое ўлады Ерузалем скіруюць да Яна: Хто ты?

Ян «пасланы», ён «сведка», «прыйшоў дзеля сведчання», ён «не быў святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло».

Сапраўды, Ян у адносінах адносна «да», ён сведка «нечага». Ах! Як жа нам цяжка ўсведамляць, што мы пасланыя і звязаныя. «Толькі пасланы»? Нялёгка адмовіцца ад прызнання паходжання сведчанняў ва ўласнай асобе!

Але чым, уласна кажучы, з’яўляецца сведчанне Яна? Фраза: «Гэтае сведчанне» – уводзіць у нешта, што нагадвае допыт, які пачынаецца з пытання: «Хто ты?» Пытанне аб асобе Яна перарастае ў пытанне аб легітымнасці яго дзеянняў. Якое ты маеш права рабіць тое, што робіш?

Ці ж кожны з нас часам не адчуваў жадання даць ці атрымаць дакладны адказ? Але Ян адмаўляецца ад прапанаваных ідэнтыфікацый: «Я не Хрыстус». «Ты Ілля? Ты прарок?» Адказы ж яго становяцца ўсё карацейшымі: «Не». А што мы? Ці нам таксама патрэбныя акрэсленыя адказы? Ці мы мусім таксама размясціць сябе ці некага іншага ў рамкі дэфініцый, заснаваных на нашых уласных крытэрах? А можа нам варта пагадзіцца і адмовіцца ад прадузятых формулаў, каб размясціць сябе ў адносінах да Хрыста, у адносінах з Ім, і пайсці па моры?

Ян сапраўды дае адказ, ён знаходзіць яго ў прарока Ісаі: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану», спасылаючыся на некага, хто быў перад ім, на атрыманае слова.

І я таксама адважыўся б сказаць: спасылаемся на таго, хто прыйдзе, таго, якога мы яшчэ не ведаем. Ці тое можа належыць Хрысту? Ô toi, l’au-delà de tout, quel esprit peut te saisir… (фр. «О ты, больш за ўсіх, які дух можа ахапіць цябе...»).

Ян кажа, што ён не варты, але ён «голас», «ён сведчыць». Няхай нам будзе дадзена быць ва ўсёй сціпласці з Яго голасам і сведчаннем, звернутымі да Таго, хто надыходзіць!

IV Нядзеля Адвэнту | Разважанне брата Давіда

“Вітай. Пан з табою”. Пэўнага часу Марыя прыняла гэтыя словы праз анёла Габрыэля як Божае пасланне да сябе. Гэтае прывітанне занепакоіла маладую дзяўчыну. Але перад тым, як запытацца ў анёла, яна маўчала, здзіўляючыся, разважаючы ў сваім сэрцы, што гэта можа азначаць.
 
Габрыэль кажа ёй: “Не бойся”. Тады ён тлумачыць ёй, што яна павінна нарадзіць сына, Езуса, які будзе вялікім і будзе валадарыць вечна. У сваім здзіўленні Марыя задае пытанні не таму, што ма́е сумневы адносна спаўнення гэтых слоў, а пытаючыся, якім чынам гэта адбудзецца. Габрыэль тлумачыць, кажучы ёй, што моц Усявышняга забярэ яе пад свой цень. Гэты вобраз, магчыма, нагадвае воблака, якое вяло Божы народ на пустыні (Зыходу 13, 21): яно аб’яўляе Бога, закрываючы Яго, і выражае прысутнасць, якая адначасова блізкая і далёкая, супакойвае і бянтэжыць, прапаноўваючы прытулак і ў той жа час скіроўваючы іх у дарогу.
 
Не ведаючы, куды гэта прывядзе, Марыя аддаецца служэнню Пану і давярае Яго Слову. Удалечыні ад дому, праз дзевяць месяцаў яна нараджае абяцанае дзіця і кладзе яго ў яслі. Пастухі, якія знаходзяцца побач, чуюць анёла, які ім кажа: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць” (Лукі 2, 10). Прыкладна праз трыццаць гадоў жанчыны пачулі, як сам Езус, які ўваскрос з памерлых, сказаў ім: “Вітайце, не бойцеся” (Мацвея 28, 9-10).
 
Дазвольма ж гэтае Добрае Навіне кінуць выклік. Падобна Марыі, мы пакліканыя прыняць Бога і несці Яго ў свет. Не марнуйма часу на тое, ці магчыма выкананне гэтага закліку, але шукайма, як учыніць яго рэальнасцю. Якім чынам, у сітуацыі і кантэксце, у якім я перабываю, я магу прыняць Божае жыццё ўнутры сябе? Евангелле дае нам пэўныя падказкі. Напрыклад, гэта дапамагае нам зразумець, што Бог прыходзіць да нас праз сваё Слова (Яна 1, 9), каб мы маглі сустрэць Яго ў найменшых братах і сёстрах Езуса (Мацвея 25, 40), што Ён аддае Сябе нам праз дзяленне хлеба (Лукі 22, 19).
 
Пасля гэтай сустрэчы з Габрыэлем Марыя вельмі хутка сыходзіць (Лукі 1, 39), каб падтрымаць сваю старэйшую крэўную, якая спадзяецца дзіця. А што са мной? Ці хацелася б мне зрабіць неадкладна нешта канкрэтнае, каб быць у адпаведнасці са Словам, якое мне сёння абвяшчаюць?
 
Напрыканцы апавядання анёл пакідае Марыю, і яна апынаецца сам-насам з гэтым заклікам. Нягледзячы на тое, што нас часцяком атачаюць людзі, якіх мы можам прымаць як анёлаў, пасланых нам Богам, мы таксама часамі можам адчуваць сябе вельмі самотнымі. І адзінае, што мы павінны падтрымліваць у глыбіні душы, – гэта заклік, які перакрочвае межы нашага разумення. Таму, як Марыя, аддамо сябе на службу Пану і даверымся Ягонаму Слову. Давайце ж сёння радавацца! Сапраўды Гасподзь сярод нас (Сафонія 3, 17). Давайце ж адважымся прывітаць Божую прысутнасць ў нас саміх, каб мы маглі несці яе ў свет.

Апошняе абнаўленне: 24 December 2023