TAIZÉ

Артыкул брата Алоіса

75-я гадавіна смерці Дзітрыха Банхёфера

 
Нямецкі пастар Дзітрых Банхёфер памёр 9 красавіка 1945 года, роўна 75 гадоў таму. З нагоды гэтай гадавіны нямецкае выдавецтва Präsenz Medien & Verlag папрасіла брата Алоіса напісаць артыкул, які мы размяшчаем ніжэй.

Хрыстус еднасці

Дзітрых Банхёфер нагадвае нам, што еднасць паміж усімі, хто любіць Хрыста, можа толькі расці і паглыбляцца ў Хрысце: “Толькі праз Езуса Хрыста кожны будзе братам для іншага. Я буду братам для іншых, па прычыне таго, што Езус Хрыстус учыніў для мяне і ўва мне; а нехта іншы стаў братам для мяне з-за таго, што Езус Хрыстус учыніў для яго і ў ім. Тое, што мы з’яўляемся брацьмі толькі праз Езуса Хрыста, мае істотнае значэнне... Толькі дзякуючы Хрысту мы належым адзін аднаму, але праз Хрыста наша ўзаемная прыналежнасць з’яўляецца рэальнай, неад’емнай і вечнай” [1].

Занадта часта зыходным пунктам пошуку адзінства быў аналіз падзелаў. Магчыма, гэта было неабходна на папярэднім этапе. Тым не менш, як сказаў Банхёфер, зыходным пунктам павінен стаць Хрыстус, які не падзелены. І сапраўды, уваскрослы Хрыстус аб’ядноўвае ў адзіную супольнасць мужчын і жанчын з усіх слаёў грамадства, моў і культур, а нават з варожых народаў.

Брат Ражэ, засноўнік Тэзэ, любіў той выраз і цытаваў яго таксама падчас розных малітваў: “Хрыстус еднасці”. Гэта слова вельмі блізкае да думкі берлінскага тэолага, які прыдумаў выраз “Хрыстус, які існуе як супольнасць” і які таксама напісаў, што “праз Хрыста чалавецтва сапраўды ізноў злучана ў еднасці з Богам” [2]. Для Банхёфера гэта была не толькі тэарэтычная ідэя, але заклік да рэалізавання абшчыннага жыцця, бо паміж 1935 і 1937 гг. ён жыў з маладымі кандыдатамі да пастарскае паслугі ў семінарыі ў Фінкенвальдзе (цяпер мястэчка Здрое пад польскім Шчэцінам).

Чарговы істотны момант, які нас яднае вельмі моцна, - цесная сувязь паміж верай і прысвячэннем сябе іншым, паміж любоўю да Бога і любоўю да бліжняга. Сапраўды, жыццё ў Хрысце не можа быць нічым іншым, як толькі салідарнасцю з усім светам [3]. “Царква будзе Царквою толькі тады, калі існуе для іншых” [4]. Гэтая салідарнасць прымусіла Дзітрыха Банхёфера пасля некалькіх тыдняў выгнання ў ЗША вярнуцца ў Нямеччыну, як ён тлумачыць у глыбока кранальным лісце, напісаным ім у ліпені 1939 г.: “Я не буду мець права ўдзельнічаць у аднаўленні хрысціянскага жыцця ў пасляваеннае Нямеччыне, калі не падзялюся выпрабаванням таго часу са сваім народам” [5].

У гэтую 75-ю гадавіну смерці Дзітрыха Банхёфера сведчанне ягонага жыцця застаецца грунтоўна актуальным. Ён не быў пазбаўлены сумневу. Адносячыся да крыку Езуса на крыжы, ён адзначыў: “Бог, які перабывае з намі, ёсць тым, які пакінуў нас” [6]. У найбольш змрочныя часіны ХХ стагоддзя ён рэалізаваў сваю веру праз чын ажно да пакутніцкай смерці. Літаральна за некалькі месяцаў да смерці ён напісаў тэкст у сваёй турме [7], некалькмі словамі з якога мы молімся ў Тэзэ разам з тысячамі маладзёнаў, якія далучаюцца да нас падчас супольнае малітвы:

Gott, lass meine Gedanken sich sammeln zu dir.
Bei dir ist das Licht. Du vergisst mich nicht.
Bei dir ist die Hilfe, bei dir ist die Geduld.
Ich verstehe deine Wege nicht, aber du weißt den Weg für mich. (*)

Брат Алоіс, Тэзэ

* Божа, дазволь, каб мае думкі былі скіраваныя да цябе.
У табе святло. Не забывайся на мяне.
У табе дапамога, з табою цярпенне.
Я не разумею тваіх сцежак, але ты ведаеш шлях для мяне.

Апошняе абнаўленне: 2 November 2020

Footnotes

[1De la vie communautaire, Genève, Labor et Fides, 2007, p.29-30

[2Sanctorum Communio, 1927

[3David H. Jensen, “Religionless Christianity and Vulnerable Discipleship: The Interfaith Promise of Bonhoeffer’s Theology”

[4Widerstand und Ergebung, DBW Band 8, p. 560

[5Lettre à Reinhold Niebuhr en juillet 1939, citée dans A Testament to Freedom: The Essential Writings of Dietrich Bonhoeffer

[6Widerstand und Ergebung, DBW Band 8, p. 534

[7Widerstand und Ergebung, DBW Band 8, p. 204