TAIZÉ

Разважаючы фрагменты Бібліі

 
Дадзеныя біблійныя разважанні маюць стаць спосабам на шуканне Бога ў цішыні і малітве пасярод нашага звычайнага штодзённага жыцця. Цягам дня паспрабуй знайсці хвіліну, каб прачытаць урывак са Святога Пісання з невялікім каментарыем ды паразважаць над прапанаванымі пытаннямі. Затым у невялікае групе (3-10 чалавек) паспрабуйце пры сустрэчы падзяліцца тым, што кожны адкрыў для сябе, знайдзіце таксама час на малітву.
2024

April

Яна 17, 20-26 Ідучы разам з іншымі
Езус сказаў: “Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету. Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх”.

Гэты тэкст з’яўляецца часткай Езусавай малітвы. Тут мы бачым, што малітва – гэта не толькі «размова і прашэнне Бога аб нечым», але хутчэй пытанне «адносін і блізкасці з Богам». Езус кажа: «Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе». Аднак, у адрозненне ад агульнага ўражання блізкасці, якая мае тэндэнцыю да «выключэння» іншых, блізкасць Езуса і Айца «ахоплівае» ўсіх. Ён кажа: «Ты ўва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас». Такім чынам, малітва – гэта не адносіны выключна паміж «мной і Богам», але хутчэй адносіны паміж «мной, Богам і іншым». Вобразам малітвы з’яўляецца не «вертыкальная лінія», але «трохкутнік».

Брат Алоіс пісаў: “Духоўнае жыццё – гэта не ізаляванае імкненне; яно працягваецца ў агульных справах з тымі асобамі, якія шукаюць нечага падобнага”. Сапраўды, малітва вядзе нас да таго, каб «выйсці з ізаляцыі і ўступіць у адносіны з іншымі». Дарафей з Газы, хрысціянін, які жыў у Палестыне ў пачатку VI стагоддзя, добра апісаў гэта: “Уявіце, што свет – гэта кола, што Бог – гэта цэнтр, а радыусы – гэта розныя спосабы жыцця людзей. Калі тыя, хто прагне наблізіцца да Бога, ідуць да цэнтра кола, яны набліжаюцца адно да аднаго, набліжаючыся адначасова да Бога. Чым больш яны набліжаюцца да Бога, тым больш яны набліжаюцца адно да аднаго. І чым бліжэй яны адно да аднаго, тым бліжэй яны да Бога”.

У часы, калі «разнастайнасць» і «плюралізм» з’яўляюцца важнымі для многіх людзей, запрашэнне жыць у еднасці можа здацца недарэчным і непапулярным. Ці не варта ж шанаваць усе адрозненні паміж людзьмі? Сапраўды, адрозненні трэба паважаць, але як жа жыць разам? Жыццё на паралельных шляхах, якія ніколі не сустракаюцца, можа быць падставай для жыцця ў падзеле і разлуцы!

Давайце ж перастанем разглядаць рознагалоссі як праблему, якую неабходна вырашыць. Замест гэтага давайце навучымся бачыць адрозненні як дар, які трэба прымаць з удзячнасцю: прыгожы дар, які ў той жа час заклікае нас быць сціплымі і творчымі. Я, Ты і Яны – мы ўсе розныя. Але вера запрашае нас жыць у еднасці і салідарнасці: «Ты ўва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас».

Мы не асамотненыя, калі ідзем. Мы ідзем разам!

- Як мы можам даць рады з розніцамі, якія існуюць у гэтым жыцці? З якімі выклікамі мы сутыкаемся? Ці ёсць у вас прапановы, як да іх творча ставіцца?

- “Адзінства ў разнастайнасці”. Што вы скажаце пра гэты выраз? Ці можаце прывесці некалькі прыкладаў?



Іншыя біблійныя разважанні:

Апошняе абнаўленне: 1 April 2024