TAIZÉ

2024 | Сёмая сяброўская сустрэча хрысціянскае і мусульманскае моладзі ў Тэзэ

 
Сёмая сяброўская сустрэча паміж маладымі хрысціянамі і мусульманамі пройдзе з нядзелі 7 ліпеня (запрашаем у другой палове дня) да пятніцы 12 ліпеня 2024 г. (ад’езд раніцай). Тэмай, якой будуць падпарадкаваныя гэтыя дні, будзе «Сумеснае падарожжа». Гэта будзе міжнародная сустрэча, на якую прыедуць маладзёны з розных краін Еўропы ды іншых дзяржаў.


Практычная інфармацыя

  • □ Узрост удзельнікаў: маладыя людзі ва ўзросце ад 17 да 35 гадоў (плюс, па неабходнасці, суправаджаючыя дарослыя)
  • □ Апошні тэрмін рэгістрацыі на падзею: 15 чэрвеня 2024 г.

Агульная праграма

Кожнага дня будзе прапанаваны рэгулярны час на супольную малітву, а ў адным з пакояў, звычайна прызначаных для прыёму гасцей, будзе створана адмысловае месца для мусульманскае малітвы. Мусульмане і хрысціяне змогуць, па жаданні, даведацца, што значыць малітва для маладых людзей з рэлігійнай традыцыі, адрознай ад іх уласнай. Акцэнт будзе зроблены на дыскусіях у малых групах і магчымасці сустрэцца з іншымі падчас нефармальнага вольнага часу. Сустрэча праходзіць у атмасферы ўзаемапавагі, што з’яўляецца ўмовай удзелу ў падзеі.

Ранкам будуць запланаваныя дыскусіі, якія ў супрацоўніцтве з братам з Тэзэ будзе весці імам; на падставе ўрыўку з Карана сваё бачанне прадставіць імам, а на падставе ўрыўку з Бібліі – брат з Тэзэ.

У сярэдзіне дня, пасля пасілку і вольнага часу на адпачынак, кожны зможа прыняць удзел у тых ці іншых невялікіх практычных абавязках, прапанаваных для сумеснага выканання: мыццё посуду, прыбіранне, праца ў садзе, розная фізічная дапамога па агульным утрыманні памяшканняў у Тэзэ, прыгатаванне ежы і інш.

Кожнага дня з 17:30 да 19:00 ахвотныя змогуць прыняць удзел у семінарах на розныя тэмы: тэмы, звязаныя з адносінамі паміж хрысціянамі і мусульманамі, але таксама майстар-класы, прысвечаныя іншым пытанням. Акрамя групы “хрысціяне-мусульмане”, на гэтым тыдні ў Тэзэ будзе прысутнічаць яшчэ некалькі сотняў маладзёнаў.


Для ведама

  • Існуе таксама магчымасць застацца ў Тэзэ з другой паловы дня пятніцы 12 ліпеня да другой паловы дня нядзелі 14 ліпеня, а затым працягнуць звычайную праграму выхадных у Тэзэ з пэўным часам, прысвечаным дзяленню думкамі ў суботу раніцай у рамках тыдня сяброўства хрысціян і мусульман.
Апошняе абнаўленне: 18 February 2024