TAIZÉ

Разважанне брата Мэцью

Ці Езус надаль сёння нам кажа: «Ідзіце за Мной»?

 
Чацвер, 29 жніўня 2024 г.

Шмат гадоў таму, менавіта на гэтым тыдні, я ўпершыню прыехаў у Тэзэ. Я прыехаў з універсітэцкімі сябрамі і добра памятаю, як заходзіў у Храм. Пачыналася малітва, і я адразу ж быў уцягнуты ў спеў.

Я адчуваў сябе запрошаным і ўключаным. Нам ніхто не казаў, што нам рабіць, ніхто не вёў службы. Было адчуванне, што ты адзін перад Богам і ў той жа час з’яўляешся часткаю малітоўнае супольнасці людзей ва ўсёй іх разнастайнасці.

Але іншая рэч, якая мяне ўразіла, гэта прыгажосць начных зорак. Прыязджаючы з ангельскага паўночнага прамысловага горада, зоркі ў той час было не так лёгка ўбачыць. Раптам мяне ахапіла адчуванне таго, што я ахоплены неабсяжнасцю і цудам Божага стварэння.

У наступным годзе, падчас другога візіту, у мяне ўзнікла пытанне: «Ці Езус надаль сёння нам кажа: Ідзіце за Мной?» Я зразумеў, што браты паходзілі з розных хрысціянскіх канфесій. Я ведаў, што ў тэксце Евангелля ад Яна, 17 Езус маліўся аб адзінстве сваіх вучняў.

Іх сведчанне, хоць я й разумеў, што яны звычайныя людзі, якія дзень за днём спрабуюць жыць сваёй верай, здавалася паслядоўным. Калі мы гаворым пра Бога любові, то трэба любіць адно аднаго. На вучэльні я ўзяў вольны год, каб паслужыць валанцёрам у Тэзэ, і з часам зразумеў запрашэнне Хрыста, якое было скіравана да мяне.

Малітва па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры жыцця нашае Абшчыны, а зоркі па-ранейшаму прыгожыя, праўда, часы змяніліся, а перад намі паўстаюць новыя выклікі сучаснага свету. Але Езус усё яшчэ кажа: «Ідзіце за Мной». Як мы чуем Яго словы? Як мы адкажам? Нават калі мы лічым, што знайшлі свой шлях, штодзённа мы павінны здзяйсняць новыя крокі.

Сёння ўвечары мы пачулі аповесць пра Езуса, які ходзіць па вадзе, з Евангелля паводле Мацвея, 14. Вецер і хвалі былі сімваламі хаосу, а ў Пісанні сказана, што толькі Бог можа перайсці мора. Убачыўшы Езуса, Пётр і яго сябры спачатку спалохаліся, але Езус загадаў ім не палохацца, бо гэта ён – Гэта я нагадвае нам імя Бога, адкрытае Майсею ў габрэйскіх Пісаннях.

Пётр размаўляе з Езусам, маючы ў сабе сумесь з пытанняў і адвагі. “Пане,
калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”. Калі Езус кажа “Ідзі!”, Пётр ідзе Яму насустрач. Пётр вымушаны пакінуць бяспечнае месца ў чаўне і сваіх сяброў. Яму трэба выйсці за межы сваёй зоны камфорту, каб перамагчы хаос і адказаць Езусу.

Але калі Пётр звярнуў увагу на вецер, а не на Езуса, ён пачынае тануць. Ён расшчэплены паміж заклікам Езуса і небяспекамі вакол яго. Ён апынуўся паміж гэтымі дзвюма рэальнасцямі, і, безумоўна, унутры яго было пытанне: «Ці сапраўды магчыма зрабіць тое, аб чым Ты мяне просіш?»

Тады Езус працягвае руку, каб накіраваць Пятра назад да лодкі. Ён не адмаўляецца ад яго. “Чаму засумняваўся ты?”, кажа Пятру Езус. Дзеяслоў, які перакладаецца як сумнеў, сустракаецца ў Евангеллі паводле Мацвея толькі двойчы: тут і калі сябры Езуса сустракаюць яго пасля Уваскрасення ў 28 раздзеле. Калі вяртаецца спакой, Пётр і яго сябры разумеюць, што яны сапраўды могуць даверыцца Езусу. Яны прызнаюць яго як Божага Сына. Ёсць у гэтай гісторыі нешта ад Уваскрасення.

А якім чынам Езус заклікае нас выйсці з лодкі, каб мы ішлі да Яго праз хаос, з якім мы часта сутыкаемся ў нашым сучасным свеце? Якія рызыкі Ён просіць нас прыняць, каб адказаць на Яго заклік? Ён будзе побач, калі мы хістаемся, каб дапамагчы нам, і дзякуючы гэтаму наш давер будзе ўзрастаць.

На гэтым тыдні праз біблейскія разважанні, час абмену думкамі і шмат розных семінараў, якія ахоплівалі мноства тэм, як вы адчулі заклік ісці далей у вашае веры і ў штодзённым абавязку ў грамадстве і Царкве? Калі вы пакінеце Тэзэ, якое пытанне будзе весці вас у вашым падарожжы з Хрыстом ды іншымі людзьмі?

Нашая Супольнасць нарадзілася ў ваенны час. Наш заснавальнік, брат Ражэ, у 1940 годзе пакінуў нейтральную Швейцарыю, каб прыехаць ува Францыю, дзе было шмат цяжкасцей. Ён быў перакананы, што, каб жыць Евангеллем, мы павінны быць побач з тымі, хто пакутуе, і пасяліўся ў Тэзэ з прагненнем заснаваць супольнасць малітвы і салідарнасці, знак супакою.

Рызыка, на якую такім чынам пайшоў брат Ражэ, для мяне павінна заставацца цэнтральным пунктам нашага паклікання. Напрыканцы верасня трое братоў скіраваліся жыць ва Ўкраіну, першапачаткова – на шэсць тыдняў. Яны застануцца ў адным месцы, але пабываюць у розных кутках краіны, каб выслухаць, памаліцца і проста пабыць з людзьмі. Магчыма, яны ўсвядомяць, што іх не забываюць.

Гэтым вечарам з намі Гілемет з Езуіцкай службы па справах бежанцаў (JRS) з Парыжа. Як ваша вера прывяла вас да таго, каб прысвяціць сябе службе іншым?


“Што прымусіла мяне прысвяціць сябе таму, чым я займаюся, дык гэта вопыт валанцёрства ў Індыі, дзе мяне ўразіла надзвычайная хісткасць людзей, якія мне сустракаліся. Досвед ціхай малітвы перамяніў мяне, нарадзілася адчуванне пяшчотнае і міласэрнае Божае любові. Гэта адкрыла маё сэрца, каб палюбіць індзійцаў як братоў і сясцёр. Пасля гэтага вопыту мне прыйшлося аддаць сябе на службу тым, хто пакутуе.

Вось чаму сёння я маю абавязак служыць людзям у выгнанні ў рамках JRS. Мяне ўразіла прамяністая ўсмешка афганца, які рэгулярна наракае на становішча сваіх сясцёр, вымушаных хавацца ў Афганістане. У Тэзэ я паглыбляю гэта абавязацельства ў сяброўстве: мяне ўражвае мужнасць, стойкасць і незвычайная шчодрасць гэтых маладзёнаў у падтрымцы адно аднаго, як, напрыклад, гэтага 28-гадовага хлопца з Кабула, які быў вымушаны пакінуць сваю краіну ў спешцы. Ён пакінуў жонку і трох дзяцей, каб прыехаць ува Францыю, і, нягледзячы на ​​сваю цяжкасць з інтэграцыяй, ён працягвае ўсміхацца і асвятляць нашыя дні.

Служэнне вымушана перамешчаным асобам азначае штодзённую працу дзеля большае справядлівасці для моладзі майго ўзросту. Я дзякую Богу за гэты абавязак, які прыносіць мне глыбокую радасць”.

Табеа з Гамбурга запрашае вас на суботні семінар, які яна будзе весці разам са сваімі сябрамі:

“Мяне завуць Табеа, я прыехала з Гамбурга са сваімі шасцю сябрамі, і мы толькі што скончылі школу.
Гамбург – адна з найбуйнейшых гаваняў у Еўропе і вельмі адкрыты горад.

У нашым горадзе разам жывуць 120 розных рэлігійных абшчын, але таксама багата людзей, якія не маюць аніякай веры. Таму ў Гамбургу было вырашана школьныя заняткі па рэлігіі праводзіць разам з усімі.

Не толькі пратэстанты і католікі, але і юдэі, індуісты, мусульмане, будысты і алавіты. У суботу пасля абеду мы пагаворым з вамі пра тое, чаму гэта важны досвед для ўсіх нас і нашае веры”.

А я хацеў бы скарыстацца гэтае магчымасцю, каб падзякаваць усім, хто вёў семінары і біблейскія разважанні на працягу гэтага тыдня, за ўсю вашую цяжкую працу па іх падрыхтоўцы і за ўсё, што мы атрымалі ад вас.

Асаблівую падзяку кірую таксама групе людзей, якія былі валанцёрамі ў Тэзэ ў 1970-х гадах, і якія былі з намі ў гэтыя выходныя. Яны дапамаглі падрыхтаваць Раду моладзі, якая адбылася тут 50 гадоў таму, у 1974 г., і якая была папярэднікам моладзевых сустрэч, што праводзіліся Абшчынаю ў Тэзэ ды ў іншых месцах. Нашая сустрэча на гэтым тыдні – частка значна большае гісторыі, якая пачалася шмат гадоў таму.


Заўтра вечарам, як й у кожную пятніцу ў Тэзэ, збірайцеся разам а 20:00, каб у цішыні памаліцца за мір у нашым свеце, дзе так шмат канфліктаў. Не забываймася пра народ Украіны і тых, хто пакутуе на Святой Зямлі, у Судане, М’янме, Нікарагуа ды ў іншых месцах.

У гэтых сітуацыях вайны нам бракуе слоў, але, застаючыся на маўклівай малітве, мы выказваем салідарнасць з тымі, хто пакутуе і каму часам таксама бракуе слоў... У нашых сэрцах могуць узнікнуць думкі ды інтуіцыя адносна таго, каб дапамагчы нам зрабіць магчымы для нас выбар, каб стаць пілігрымамі супакою там, дзе нас паставіў Бог.

А зноў сустрэцца мы зможам ў Таліне, сталіцы Эстоніі, маленькае краіны ў паўночна-ўсходняй Еўропе, з 28 снежня па 1 студзеня падчас нашае чарговае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы. У гэтай краіне спевы маюць вялікае значэнне. Дзякуючы «спеўнай рэвалюцыі» эстонцы ў 1991 годзе аднавілі сваю незалежнасць. Спевы спрыялі будаўніцтву міру.

Мы будзем там маліцца за мір і быць знакам Еўропы, адкрытай і гасціннай для ўсіх. Будзем рады вас там бачыць!

Апошняе абнаўленне: 6 October 2024