
Разважаючы фрагменты Бібліі

May
Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: “Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
Калі ўраджай багаты, а працаўнікоў мала, не вельмі лагічна скіроўваць двух чалавек у адно і тое ж месца адначасова і наведваць адно і тое ж месца двойчы. Несумненна, чалавечыя рэсурсы і графікі паездак можна было б лепш арганізаваць для павышэння эфектыўнасці працы. Але гэта не логіка Божая. У гэтым тэксце пра пасланых на місію вучняў ёсць некалькі спосабаў, якія праліваюць святло на спосаб Божага дзеяння, што прымушае нас задумацца.
Па-першае, гэта не недахоп эфектыўнасці з боку Езуса, а сапраўдны выбар, які Ён зрабіў, пасылаючы вучняў па двое. Служыць Езусу не можна ў адзіночку. Вучні супольна падарожнічаюць, яны павінны давяраць адзін аднаму, размаўляць, спрабаваць зразумець і падтрымаць адзін аднаго. Яны не абавязкова з’яўляюцца найлепшымі сябрамі. Яны не абавязкова пагаджаюцца ва ўсім. Гэта Езус аб’ядноўвае іх, таму што Ён мае ў іх патрэбу. Больш за тое, вучні залежаць ад тых, да каго яны пасланы. Гэтая залежнасць не з’яўляецца негатыўнай. Жыццё ў веры збліжае нас да сябе. Вучні ў дарогу нічога не бяруць; яны павінны дазволіць іншым аказаць ім гасціну і есці тое, што ім падаюць. Яны несамадастатковыя. Сяброўства, прыём і братэрская гасціннасць з’яўляюцца часткаю жыцця веры.
Па-другое, вучні збіраюцца ў падарожжа не з-за асабістага праекта. Езус сказаў: “Ідзіце! Я пасылаю вас…”. Яны пасланы Езусам і ў Яго імя. Крыніца гэтага паслання – не што іншае, як Яго адносіны з кожным з Яго пасланнікаў. Са свайго боку, вучні кажуць «так» папярэдняму закліку, не ведаючы, куды ён іх прывядзе. На шляху іх кіруе давер да Езуса, жаданне падзяліцца Яго жыццём, Яго місіяй. Магчыма, маюць надзею на тое, што гэта надасць сэнс і кірунак іх жыццю. Быць пасланым азначае, што вам часам даводзіцца адкладаць свае ўласныя ідэі, каб увайсці ў нешта большае, дзе вы не ўсё разумееце, але дзе вы вучыцеся давяраць сабе і не ставіць у цэнтр сваё «я». Гэта сапраўднае духоўнае падарожжа!
Па-трэцяе, Езус пасылае вучняў туды, куды сам меўся пайсці. Ці робіць гэта непатрэбным або лішнім для вучняў ісці перад Ім? Ні ў якім разе! Вучні пасланы несці спакой і вылечваць хворых. Па-людску можа здавацца, што місія амаль невыканальная. Фактычна гэта місія самога Езуса, Божага пасланца, які з’яўляецца крыніцаю жыцця, спакою і аздараўлення. Але Езус звязвае вучняў з уласнай місіяй: дзе вучні, там Езус. Ён не вырашае рабіць гэта ў адзіночку, а давяраць іншым. Пад гэтым мы разумеем, што пасланне ў імя некага іншага не робіць нас пасіўнымі. Пасланне ніколі не можа быць апраўданнем для ляноты, няўдалае працы або ўхілення ад адказнасці. Каб здзейсніць сваю місію, Езус патрабуе, каб мы прынялі або нават вырашылі дазволіць нам далучыцца да Яго місіі і падзяліцца сваімі здольнасцямі, нашымі талентамі.
Якая б ні была нашая жыццёвая сітуацыя, наш шлях веры, усе мы пасланы Хрыстом, каб паўнавартасна пражыць дадзенае нам жыццё. Вера ўводзіць нас у еднасць з Хрыстом ды з іншымі асобамі. Вера кіруе намі, часам вядзе нечаканымі шляхамі. Вера накіроўвае нас на шлях сведчання аб тым, што матывуе нас да жыцця, каб гэтым дзяліцца. Выхоўваючы ў сабе ўсведамленне таго, што мы пасланыя і крочым з Хрыстом ды з іншымі, можа дапамагчы нам знайсці наш «дом» у Езусе, а таксама ў хрысціянскай і чалавечай супольнасці.
Ці атрымлівалася ў мяне прыўнесці крыху спакою ў складаную сітуацыю? Што дапамагае мне паверыць, што там прысутны сам Езус?
Як сумяшчаюцца «быццё пасланым» з неабходнасцю зрабіць жыццёвы выбар?
Упершыню гэтая медытацыя была прапанаваная ўдзельнікам Тыдня разважанняў для маладзёнаў ва ўзросце 18-35 гадоў у Тэзэ ў жніўні 2024 г.