Ён нарадзіўся ў 1938 годзе ў Сен-Сюльпісе ў швейцарскім кантоне Нёўшатэль. Будучы маладым студэнтам тэалогіі ў Нёўшатэлі, у 1958 г. ён далучыўся да Супольнасці Тэзэ. Працягваючы сваё багаслоўскае навучанне, жывучы паміж Тэзэ і Нёўшатэлем, ён удзельнічаў у даследаваннях свайго прафесара Жана-Луі Леўба на тэму сусветных царкоўных сабораў у думцы рэфарматараў. У 1961 годзе ён стала пасяліўся ў Тэзэ і прысвяціў сябе Супольнасці аж да канца жыцця. У 1962 годзе ён з’ехаў на паўгадавую стажыроўку ў кальвінскі калегіяльны збор Нёўшатэля, а праз год быў ардынаваны ў якасці пастара ў Ле-Локлі.
Па прыбыцці ў Тэзэ ён дапамагаў брату Ражэ да смерці апошняга ў 2005 годзе. Загадваў справамі сакратарыята; суправаджаў прыёра Тэзэ падчас сесій Другога Ватыканскага Сабору, а таксама падчас штогадовых візітаў да пантыфікаў Паўла VI і Яна Паўла ІІ. Разам з братам Ражэ і міжкантынентальнай камандай маладзёнаў напрыканцы 1970-ых гг. ён перабываў у Калькуце, Ганконгу, Найробі і Тэмуко, прымаючы ўдзел у складанні лістоў, напісаных з гэтае нагоды, якія былі перадназначаныя для разважанняў і абмеркавання падчас сустрэч у Тэзэ.
Ён быў жывой памяццю пра Тэзэ. З 2011 па 2023 год быў рэдактарам дзесяцітомнага зборніка Les écrits de frère Roger, fondateur de Taizé («Творы брата Ражэ, заснавальніка Тэзэ»). У апошнія гады свайго жыцця, ужо змагаючыся з хваробамі, ён працягваў цалкам пасвячаць сябе жыццю Супольнасці. Удзельнічаў у прыёме бежанцаў-езідаў, працаваў у садзе зёлак і ў майстэрні травяной гарбаты, суправаджаў публікацыю кнігі Through the Iron Curtain («Праз жалезную заслону»), якая распавядае пра тагачасныя сувязі Тэзэ з хрысціянамі ў краінах Усходняе Еўропы.
Цягам усяго свайго жыцця ў Тэзэ ён выконваў паслугу суправаджэння ўдзельнікаў рэкалекцый, валанцёраў і братоў Супольнасці. Брат Шарль-Эжэн меў дар да заахвочвання іншых. Цела яго было ператомлена хваробай, але розум быў бадзёры да апошняга дня жыцця. Яго непараўнальныя веды па гісторыі Тэзэ не былі афарбаваныя настальгіяй: ён на поўную ангажаваўся ў новыя крокі, якія рабіла Абшчына.