Евангельскі Шлях ля крыніцы святога Стэфана

Вясною 2015 года ўздоўж сцежкі ля крыніцы святога Стэфана, месца адмыслова прызначанага ў Тэзэ дзеля маўклівых разважанняў у цішыні, былі размешчаныя іконы, вырабленыя з драўлянае кары.

Гэтыя іконы былі прыгатаваныя братам Дэнісам (які адыйшоў 28 лістапада 2015 г.) з майстэрні братоў, што жывуць у Найробі. Працы брата Дэніса таксама з’яўляюцца часткаю выставы ў Тэзэ пад назваю “Ад лому да мастацтва”.

“Евангельскі Шлях” быў адкрыты ў канцы красавіка 2015 г. падчас пілігрымкі з братам Алоісам, некалькімі братамі Супольнасці і прыблізна сотняю маладзёнаў, якія на той час перабывалі ў Тэзэ. Пілігрымку ўзначалілі студэнты з Інстытута пратэстанцкай тэалогіі ў Парыжы, якія чыталі розныя тэксты Евангелля і дзяліліся разважаннямі на апошніх стацыях (гл. тэкст ніжэй пад “Пяцідзясятніцай”).

З тых часоў цягам ўсяго 2015 года быў прапанаваны семінар на тэму “Шлях Евангелля: шпацыр і малітва да крыніцы святога Стэфана, якія суправаджаюцца сцэнамі з Евангелля, створанымі майстэрняй братоў Тэзэ ў Найробі з выкарыстаннем кары мясцовых дрэў”.

Ніжэй вы знойдзеце шэсць з васемнаццаці стацый. У пачатку 2016 года быў выдадзены буклет з усімі абразамі і тэкстамі для кожнага этапу пілігрымкі.


1. Звеставанне. (Лк 1, 38)


Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

Гэты візіт анёла быў абяцаннем, але адначасова й зваротам, які патрабуе адказу: незваротнае “так”, дадзенае добраахвотна.

Маліцеся за ўсіх, хто быў пакліканы прысвяціць усё жыццё простаму “так”.


4. Уцёкі ў Егіпет. (Мц 2, 14)


Падняўшыся, Юзаф узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет.

Езус ужо не проста бяздомны. Ён уцякае і неўзабаве апынецца выгнаннікам у чужой краіне.

Маліцеся за мігрантаў, бежанцаў і людзей у эміграцыі.


9. Добры пастыр. (Ян 10, 14-15)

Езус сказаў: “Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак”.

“Хіба я вартаўнік брату майму?”, - ужо спытаў Каін. Так, вядома, я ягоны апякун...

Маліцеся за ўсіх у Царкве, якія служаць пастырамі: папу, біскупаў, святароў, душпастыраў і свецкіх лідараў.


11. Абмыццё ног. (Ян 13, 8.14-17)


Езус адказаў: “Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам”.

Таму й мы запрошаныя Езусам да самай пакорнай службы нашым братам і сёстрам.

Маліцеся за ўсіх, хто з любоўю служыць у бальніцах ці дамах састарэлых.


15. Уваскрасенне. (Ян 20, 16-17)

Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік»). Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага».

Названы таксама нашым іменем, як мы б хацелі трымацца за Езуса! Але не, Ён кажа нам: “Ідзі і скажы ім!”

Маліцеся за ўсіх людзей, якія сёння імкнуцца стаць сведкамі Уваскрасення там, дзе яны жывуць.


18. Пяцідзясятніца. (Дз 2, 1-4)

Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.

Мы не сіроты, але перабываем у Духу Святым, які надзяляе нас дарамі дзеля таго, каб мы маглі пайсці паўсюль да іншых.

Маліцеся за Царкву, за цэрквы і за прымірэнне хрысціян, “каб паверыў свет”.

Разважанне падрыхтаванае трыма маладымі студэнтамі тэалогіі з Парыжа

Езус Хрыстус спаслаў Свайго Духа на апосталаў і паабяцаў учыніць тое ж самае для нас. На кожным з іх спачыў вогненны пломень. Дух Святы дыхае на кожнага з нас. Чаму гэта павінна здарыцца са мною? Што ўва мне такога адметнага?
 
Паглядзіце на прыроду вакол сябе. Мурашка, дрэва ці рыба не маюць такой самай пазіцыі, але кожнаму з іх неабходны баланс Стварэння. Такім чынам, калі вы не будзеце трымацца таго месца, якое вам даў Бог, чагосьці забракне.
 
Езус Хрыстус на Крыжы, Езус Хрыстус, які ўваскрос з памерлых, выканаў сваю місію да канца і кліча нас следваць Ягонымі крокамі. Ты маеш месца, якое для цябе падрыхтаваў Бог, тваё месца. Дары, якія даў табе Дух Святы, дапамогуць табе трымаць яго ў цэнтры сусвету.
 
Мы распазнаем Духа Святога па пладах любові, радасці, спакою, доўгацярплівасці, дабрыні, дабра, вернасці, лагоднасці й умеркаванасці. Так што слухай, прыслухоўвайся, спаражні сваё маўчанне. Бо ў гэтым праяўляецца шлях.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article27723.html - 28 March 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France