Кейптаўн 2019

Рэха Сустрэчы

Маладыя людзі з Клерксдорпа, Палакванэ, Свазіленду, Маўрыкія ды іншых краін, што ўдзельнічалі ў Пілігрымцы Даверу на Зямлі Тэзэ ў Кейптаўне з 25 па 29 верасня, былі захопленыя атмасфераю агульнае малітвы і абмену. Амаль дзве тысячы маладых людзей прыбылі з 17 афрыканскіх краін, 14 еўрапейскіх, ЗША і выспаў Мадагаскар ды Маўрыкій.

Ян Эванс з Паўднёвае Афрыкі піша:

сустрэча, прысвечаная тэматыцы “Не забываймася на гасціннасць!”, адбывалася ў каледжы Сэнт-Джозэфа Марыста ў кейптаўнскім прадмесці Рондэбош, стала кульмінацыяй васемнаццаці месяцаў візітаў братоў французскае экуменічнае Супольнасці Тэзэ ў мясцовыя англіканскія, каталіцкія, лютэранскія, метадысцкія ды іншыя супольнасці Кейптаўна, для заахвочвання ўдзелу моладзі ў сустрэчы.

Аднак, тое не быў першы візіт братоў Тэзэ ў Кейптаўн. У 1978 годзе, у перыяд рэпрэсійных законаў апартэіду, брат Ражэ, заснавальнік Супольнасці Тэзэ, наведаў Cross Road. Такім чынам, ён хацеў праявіць салідарнасць з ахвярамі, што пакутавалі ад рэпрэсіўнае палітыкі ўладаў Паўднёвай Афрыкі. Тады ён спытаў жанчыну, ці можа ён зрабіць знак крыжа ў яе далоні, заклікаючы кожнага выказаць гэтым маўклівым жэстам свой удзел у пакутах Хрыста.

Брат Ражэ вярнуўся ў Паўднёвую Афрыку ў 1995 г., каб святкаваць з мясцовае моладдзю мірны пераход Паўднёвае Афрыкі да нерасавага, несексісцкага дэмакратычнага грамадства. На гэты раз сустрэча адбылася ў Standard Bank Arena ў Яганэсбургу на запрашэнне кіраўнікоў нацыянальнае і мясцовых Цэркваў.

Брат Алоіс, які стаў спадкаемцам брата Ражэ ў 2005 г. на пасадзе прыёра Супольнасці і які запрашаў усіх у 2019 г. да Кейптаўна на Пілігрымку Даверу на Зямлі, вітаў усіх удзельнікаў наступным чынам: “Дазвольма Слову Хрыста адгукацца ў нашых сэрцах: шчаслівыя міратоврцы!”

У пятніцу, 27 верасня, арцыбіскуп Дэсмон Туту, арцыбіскуп-сеньёр Кейптаўна, наведаў удзельнікаў, каб перадаць ім сваё дабраслаўленне. У 1970-ых гг. арцыбіскуп пры дапамозе Тэзэ прывёз 144 маладзёна да Абшчыны Тэзэ. Натхняючыся Кнігаю Апакаліпсіса, арцыбіскуп прывёз “людзей кожнага племені, мовы, народа і нацыі”, каб паказаць адзінства дзяцей Божых Паўднёвае Афрыкі, нягледзячы на ўрадавую палітыку, якая іх дзяліла.

Пасля пералётаў і працяглых аўтобусных пераездаў на месца сустрэчы прыбылі стомленыя падарожнікі з усіх канцоў Паўднёвае Афрыкі, Еўропы і нават ЗША. Яны прыбылі ў “Намётавую капліцу” на сустрэчу і апынуліся з братамі з Тэзэ ў месцы супакою, малітвы і спеваў. Пілігрымы з Батсваны былі радасна здзіўленыя “свабодзе маладых людзей самавыражацца”. Настаўнік з Мпумалангі сказаў: “Гэта так прыемна! У адным месцы ёсць так багата людзей”. Малады святар сказаў: “Нягледзячы на тое, што мы з розных слаёў грамадства, мы можам дзяліцца. Мы можам падысці да каго-небудзь без страху”.

Шчодрая гасціннасць мясцовых парафій

Гасціну маладым людзям прапанавалі мясцовыя парафіі ды сем’і. Удзельнікі выказалі ўдзячнасць за прывітанне і ўважлівасць сваіх гаспадароў: Табіса з Совэта быў вельмі крануты ласкавасцю сваіх гаспадароў, пажылой пары, якая гасціла іх. “Жонка была сляпая, - кажа, - і яна давярала нам зайсці ў яе дом, нават не бачачы нас”. Адна маладая дзяўчына з Кеніі сказала: “Сям’я, што гасціла іх, сапраўды ахвяравала сябе”.

Пілігрым з Маўрыкія

Людовік, пілігрым, які прыбыў з Маўрыкія, хутка ўбачыў пэўнае падабенства паміж жыццём у Паўднёвае Афрыцы і Маўрыкіем. Абедзве краіны выглядаюць нібы рай з іх выдатнымі пляжамі. Тут жывуць розныя культуры. У Маўрыкіі большасць людзей - індуісты, хрысціяне, мусульмане, бахаі ды юдэі. Яго асабліва кранула Божае Слова, бо яно пацвярджае хрысціянства. Людовік “быў арганізатарам мерапрыемстваў у дыяцэзіі, і хаця група была малая, яны стала пашыраюцца”, - сказаў ён.

Але што стала сапраўдным цудам для Людовіка? “Я буду заўсёды ўзгадваць ўсмешку (вялебнага) Вільмы, які ўвесь час усміхаўся і цёпла вітаў нас нават апоўначы!”

JPEG - 17.9 kb
Ludovic

Ранішняя праграма

Штодзённая праграма ўключала сняданак у прымаючае сям’і і сустрэчу на малітве а 8-ае раніцы ў парафіяльнай царкве. Затым адбываліся візіты і сустрэчы з “людзьмі надзеі” на мясцовым узроўні. Працяг адбываўся ў невялікіх групах, дзе разважана над пытаннямі “Як я магу дапамагчы іншым узрастаць у даверы? ... у даверы да іншых? ... у даверы да Бога?”

Каля 11 гадзін раніцы паломнікі скіроўваліся з прымаючых парафій да царквы святога Язэпа, дзе яны маглі спажыць пасілак, а потым папрактыкавацца ў спеве да супольнае малітвы а 13:00 гадзіне.

У другой палове дня праходзілі тэматычныя сустрэчы, на якіх разглядаліся такія тэмы, як “Слухаць Бога ў цішыні нашых сэрцаў”, запрашэнне Езуса Хрыста “прыйсці да Яго і адпачыць у Ім”; афрыканскія культуры на форуме святкавалі давер і прымірэнне з удзелам розных краін і рэгіёнаў праз спевы і танцы. Яшчэ адна сесія “Сустрэць Хрыста ў асобе выключанага і забытага”, прадстаўленая Місіянерамі міласэрнасці; “Завяжыце вузел, а не пятлю. Чаму шлюб па-ранейшаму застаецца лепшым варыянтам?”, якую правялі Фрэнсі і Свен, пара, што нядаўна пабралася, якія пазнаёміліся ў Кейптаўне падчас служэння ў моладзевае групе іх царквы.

“Як быць хрысціянінам у карпаратыўным свеце: задачы і магчымасці сведчання пра Хрыста”, разважанне і абмен думкамі з Генрыхам Джанджысам з Кейптаўна; “Хрысціяне ў палітыцы: заангажаванне ў грамадскую службу не здраджваючы Евангелля” - разважанне Сціва С’уорта, чальца Парламента Паўднёвае Афрыкі; “Хрыстос моліцца за хрысціянскую еднасць - збіраючыся разам пад адным дахам, каб засведчыць адзінства”, прадстаўленая братам Алоісам, прыёрам Супольнасці Тэзэ з Францыі; ды “Абменьваючыся дарамі паміж супольнасцямі”, прадстаўленая др. Клівам Макінтошам з Лімпапо.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article26843.html - 14 November 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France