Вартасць цішыні

Тройчы на дзень на ўзгорку Тэзэ ўсё заціхае: праца, разважанні над Бібліяй, дыскусіі. Званы заклікаюць кожнага да храма на малітву. Сотні ці нават тысячы пераважна маладых людзей з усяго свету моляцца і спяваюць разам з братамі Абшчыны. Пісанне чытаецца на некалькіх мовах. У сярэдзіне кожнае супольнае малітвы ёсць працяжны час цішыні - ўнікальны момант для сустрэчы з Богам.

Цішыня і малітва

Калі ўзяць за свой дапаможнік найстарэйшы малітоўнік, біблейскія псальмы, мы адзначым дзве асноўныя формы малітвы. Адзін з іх - гэта плач і кліч па дапамогу. Другі - гэта падзяка і хвала Богу. На больш схаваным узроўні існуе трэці кшталт малітвы, без патрабаванняў і відавочных выразаў хвалы. Напрыклад, у Псальме 130 (131) няма анічога, акрамя цішыні і ўпэўненасці: “Ці ж ня цугляў я, ці ж не супакойваў душы маёй ... Хай спадзяецца Ізраэль на Госпада ад сёння і вечна”.

Часам малітва маўчыць. Мірная еднасць з Богам можа абысціся без слоў. “Я ці ж не супакойваў душы маёй, як дзіцяці, аднятаму ад грудзей маці?” Як і задаволенае дзіця, якое перастала плакаць і знаходзіцца ў руках маці, таму ў прысутнасці Бога “душа мая была ўва мне”. Малітва тады не патрабуе слоў, можа, нават і думак.

Як можна дасягнуць унутранае цішыні? Часам мы, мабыць, маўчым, і тым не меней у нас вядуцца вялікія дыскусіі, змагаючыся з уяўнымі партнёрамі альбо з самімі сабою. Супакойванне нашае душы патрабуе нейкае сціпласці: “я не займаюся рэчамі для мяне занадта вялікімі і занадта дзіўнымі”. Маўчанне азначае прызнанне таго, што мае клопаты не могуць шмат зрабіць. Маўчанне азначае пакінуць Богу тое, што знаходзіцца па-за межамі маіх дасяжнасцей і магчымасцей. Імгненне маўчання, нават вельмі кароткае, нібы прыпынак дзеля святасці, адпачынак у дзень шабату, перамір’е клопатаў.

Узрушэнне нашых разважанняў можна параўнаць з бураю, якая ўдарыла ў човен вучняў на Галілейскім моры, пакуль Езус спаў. Як і яны, мы можам быць бездапаможнымі, поўнымі трывогі і няздольнымі супакоіць сябе. Але і Хрыстус можа прыйсці на дапамогу. Калі Ён папракнуў вецер і мора, і “настала вялікая ціша”, Ён таксама можа супакоіць нашае сэрца, калі яго хваляюць страхі і клопаты (Мк 4, 39).

Захоўваючы цішыню, мы давяраем Богу. Адзін з Псальмаў мяркуе, што маўчанне - гэта нават форма пахвалы. Мы прызвычаіліся чытаць на пачатку Псальма 64 (65): “Табе, Божа, належыць хвала”. Гэты пераклад з грэчаскага тэксту, але на самой справе тэкст габрэйскі, надрукаваны ў большасці Біблій, гучыць інакш: “Табе, Божа, належыць ціша”. Калі словы і думкі заканчваюцца, Бога ўсхваляюць маўклівае здзіўленне і захапленне.

Слова Божае: грымоты і цішыня

На Сінаі Бог гаварыў з Майсеем і ізраільцянамі. Грыомоты, і маланка, і ўсё гучнейшы гук трубы папярэднічалі і суправаджалі Слова Божае (Зых 19). Праз стагоддзі прарок Ілля вярнуўся на тую ж Божую гару. Там ён перажыў буру, землятрус і агонь, як рабілі ягоныя продкі, і ён быў гатовы слухаць Бога, які прамаўляе ў грымотах. Але Госпада не было ні ў адной з пералічаных магутных з’яў. Калі ўвесь шум скончыўся, Ілля пачуў “веянне ціхага ветру”, і Бог прамовіў да яго (1 Вал 19).

Ці гаворыць Бог гучным голасам альбо ў подыху маўчання? Ці варта браць для прыкладу людзей, сабраных на Сінаі, альбо прарока Іллю? Гэта можа быць няправільнай альтэрнатывай. Жахлівыя з’явы, звязаныя з дарам Дзесяці запаведзяў, падкрэсліваюць, наколькі яны сур’ёзныя. Захаванне альбо іх адхіленне - пытанне жыцця ці смерці. Убачыўшы дзіцяці, што бегне наўпрост пад машыну, варта крычаць так голасна, як толькі тое магчыма. У аналагічных сітуацыях прарокі кажуць пра слова Божае, каб яно прымусіла нашыя вушы гучаць.

Гучныя словы, безумоўна, прымушаюць нас пачуць іх; яны ўражваюць. Але мы таксама ведаем, што яны наўрад ці кранаюць сэрцы. Хутчэй ім аказваюць супраціў, а не прымаюць. Вопыт Іллі паказвае, што Бог не хоча ўражваць, а быць зразуметым і прынятым. Бог выбраў “веянне ціхага ветру”, каб выказацца. Гэта парадокс.

Бог маўчыць і ўсё ж гаворыць

Калі Божае слова становіцца “веяннем ціхага ветру”, гэта той момант, калі варта змяняць нашыя сэрцы больш эфектыўна, чым калі-небудзь яшчэ. Моцная бура на гары Сінай расшчапіла скалы, але Божае маўчанне можа разбіць чалавечыя каменныя сэрцы. Для самога Іллі раптоўнае маўчанне было, маўляў, больш страшным, чым грымоты ды навальніца. Гучныя і магутныя праявы Бога былі пэўным чынам яму знаныя. Божае маўчанне выклікае збянтэжанасць, настолькі адрознае ад усяго таго, што Ілля дасведчыў раней.

Цішыня робіць нас гатовымі да новай сустрэчы з Богам. У цішыні Слова Божае можа дабрацца да схаваных куткоў нашага сэрца. У цішыні яно аказваецца “вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа” (Гбр 4,12). У цішыні мы перастаем хавацца перад Богам, і святло Хрыста можа дасягнуць, ацаліць і перамяніць нават тое, чаго мы саромеемся.

Цішыня і любоў

Хрыстус кажа: “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15, 12). Нам патрэбна цішыня, каб прыняць гэтыя словы і рэалізаваць іх на практыцы. Калі мы ўсхваляваныя і неспакойныя, у нас так шмат аргументаў і прычын не дараваць і не любіць занадта лёгка. Але калі мы “супакоілі і прыцішылі нашую душу”, гэтыя прычыны будуць зусім нязначнымі. Можа быць, мы часам пазбягаем цішыні, аддаючы перавагу шуму, словам або перашкодам, таму што ўнутраны супакой - рызыкоўная рэч: яна робіць нас пустымі і беднымі, разбурае горыч і вядзе нас да складання дару з саміх сябе. Маўклівыя і бедныя, нашыя сэрцы перапаўняюцца Духам Святым, напоўненым безумоўнай любоўю. Цішыня - сціплы, але бяспечны шлях да кахання.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article26770.html - 15 December 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France