Карэя

Візіт на Поўнач

У траўні 2002 г. адзін з братоў правёў тыдзень у Паўночнай Карэі. Ён нарадзіўся і выхоўваўся ў Паўднёвай Карэі, таму ніколі раней не мог здзейсніць гэтага падарожжа. У 1998 і 1999 гг. Абшчына Тэзэ ў рамках “Аперацыі Надзея” скіравала ў Паўночную Карэю больш за тысячу тон кукурузы для людзей, якія пакутуюць ад голаду.

Распавядаць пра той візіт даволі няпроста. Геаграфічна гэта так блізка да Паўднёвае Карэі, але так далёка палітычна. Калі я жыў у Паўднёвай Карэі, магчымасці паехаць на Поўнач проста не было. Пасля доўгіх гадоў чакання і, выязджаючы праз Францыю і Кітай, я нарэшце прыбыў у Паўночную Карэю.

Карэя застаецца падзеленаю на дзве часткі ад 1945 г. Велізарныя наступствы братазабойчае вайны 1950–1953 гадоў паміж Поўначчу і Поўднем можна адчуць і сёння. Вялікая напружанасць і недавер паміж імі панавалі шмат гадоў. Спробы збліжэння заўсёды сканчваліся нічым, а напружанне аднаўлялася. За апошнія два гады з’явіліся новыя намаганні па аб’яднанні, але вынікі мізэрныя, а стан міру застаецца кволым.

Цяжкасці, якія паўсталі ў Паўночнае Карэі пасля краху камунізму ва Усходняй Еўропе, велізарныя. Акрамя таго, адбыліся стыхійныя бедствы, як паводкі і засуха апошніх гадоў. Насельніцтва вельмі пацярпела. Людзі кажуць, што горшае прамінула, але нястача застаецца.

Я быў вельмі ўражаны сустрэчай людзей, на якіх глыбока адбіліся цяжкія часіны, аднак яны надаль гасцінныя і выяўляюць вялікую дабрыню і годнасць. Некалькі нефармальных кантактаў з мясцовымі жыхарамі паказалі, наколькі важна пераадолець забабоны ці нават клішэ. Перадусім, там, дзе існуе напружанасць альбо непаразуменне, важна паспрабаваць убачыць хараство чалавечае душы, незалежна ад палітычных ці рэлігійных перакананняў чалавека. У парках Пхеньяна я часта мог бачыць людзей, якія былі расслабленыя і якія разам спявалі, танчылі і святкавалі.

Мне ўдалося наведаць сярэднюю школу, куды з Тэзэ ў супрацоўніцтве з ЮНЕСКА былі адпраўленыя шэраг кампутараў. Тузін студэнтаў у кампутарнай зале, кожны перад сваім кампутарам. Настаўнік выказвае падзяку за кампутары і тлумачыць, наколькі вучні прагнуць вучыцца. Я таксама наведаў паліклініку ў сельскай мясцовасці. Медперсанал добра падрыхтаваны, але ўражвае недахоп медыкаментаў і абсталявання. У мяне атрымалася пакінуць пэўную колькасць асноўных лекаў у знак салідарнасці.

Кароткая сустрэча з хрысціянамі мяне глыбока закранула. Я ўдзельнічаў у нядзельным набажэнстве ў пратэстанцкай царкве, а потым наведаў каталіцкі касцёл. Больш за пяцьдзесят гадоў таму, да вайны, у Пхеньяне, сталіцы Паўночнае Карэі, было багата хрысціян. Зараз на ўсю краіну адкрытыя толькі тры храмы. Мабыць, акрамя нядзельных службаў там наогул няма ніякіх мерапрыемстваў. Прыём быў вельмі цёплы, але час абмену з хрысціянамі занадта кароткі. Я кажу ім зноў і зноў, наколькі мы ўзаемазвязаныя з імі праз малітву. Гэта прыкметна іх кранае. “Прыязджайце да нас зноў. Прыязджайце часцей”, - чулася, калі я пакідаў іх.

Гэты візіт у Паўночную Карэю, пра які так доўга марыў і які нарэшце быў здзейснены, пакінуў мне шэраг пытанняў. Што можна зрабіць для прымірэння і ўз’яднання дзвюх Карэй? Я думаю пра тысячы карэйскіх сем’яў, якія разлучаныя ўжо паўстагоддзя. Большасць з іх ніколі не змагла наведаць сваіх сваякоў па той бок мяжы. Ці насамрэч неўзабаве на Карэйскае паўвыспе будзе мір? Карэя застаецца самым узброеным рэгіёнам у свеце. А якую ролю могуць адыграць хрысціяне па прасоўванні паразумення і супакою? Што ў хуткім часе могуць здзейсніць хрысціяне, каб выказаць салідарнасць з жыхарамі Паўночнае Карэі - асабліва з дзецьмі, - якія адчуваюць дэфіцыт у кожнае сферы? Трэба шмат маліцца і не забываць народ Паўночнае Карэі. Але нашая малітва павінна суправаджацца практычнымі жэстамі, незалежна ад таго, наколькі яны вялікія ці малыя.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article26509.html - 22 November 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France