Валантарыят у Тэзэ

Браты Абшчыны разам з сёстрамі з іншых супольнасцяў, што жывуць у Тэзэ, не былі б у стане прыняць вялічэзнае колькасці асобаў, якія прыязджаюць цягам года. Але прысутнасць групы валанцёраў чыніць тыя міжнародныя сустрэчы магчымымі.

Валанцёры ў Тэзэ - гэта моладзь ва ўзросце паміж 18 і 28 гадамі, якая бярэ на сябе розныя практычныя абавязкі падчас моладзевых сустрэч. Тым не меней, перабыванне ў якасці валанцёра з’яўляецца перадусім магчымасцю паразважаць наконт чарговага жыццёвага этапу шляхам рэфлексіі, рэгулярнае супольнае малітвы ды дзялення з іншымі.

У любы час у Тэзэ перабываюць каля 40 юнакоў і дзяўчат, што застаюцца на некалькі месяцаў альбо цягам года. Яны паходзяць не толькі з Еўропы, але таксама з іншых кантынентаў.

Моладзевыя сустрэчы ў Тэзэ цягнуцца адзін тызень. Тыя, хто жадае застацца ў Тэзэ даўжэй, напрыклад, маючы год перапынку ў навучанні, чыніць тое ў паразуменні з Абшчынаю. Няма аніякае рэгістрацыйнае формы, аднак, каб застацца даўжэй, ты мусіш бліжэй запазнацца з самімі сустрэчамі.

Калі ты прагнеш застацца на некалькі тыдняў, калі ласка, напішы нам на meetings taize.fr, распавядаючы крыху пра сябе, пра сваё дасвядчэнне ранейшага побыту ў Тэзэ і свае планы наконт побыту. Калі ты ўжо кантактаваўся/кантактавалася з кімсьці з братоў ці сясцёр, будзе добрым узгадаць пра тое ў сваім лісце.

JPEG - 21.9 kb

Тыя, хто застаюцца ў Тэзэ даўжэй за тыдзень, маюць магчымасць зрабіць крок назад у сваім штодзённым жыцці: паразважаць, падзяліцца з іншымі ды шукаць нечага ўнутры сябе. Кожная дзяўчына-валанцёр мае рэгулярную сустрэчу з адной з сясцёр, юнакі - з братам, каб паразмаўляць пра іх уласныя ідэі ці пытанні.

Найбольш пытанае

Калі ты задумваешся пра даўжэйшы побыт (4 тыдні й болей), ніжэй пералічаныя некаторыя практычныя моманты:

Што я буду рабіць, калі застануся ў Тэзэ на некалькі тыдняў?

Сустрэчы ў Тэзэ арганізаваныя па тыднёвым прынцыпе. Тых, хто прыязджае на даўжэйшы тэрмін, мы просім першы іх тыдзень правесці разам з удзельнікамі, што застаюцца толькі на тыдзень, выбіраючы з прапанаваных разнастайных груп. Звычайна наступныя тыдні ты правядзеш, дапамагаючы ў практычных рэчах - у камандзе па прыбіранні ці на кухні, у храме, у Oyak’у (некамерцыйная кавярня), на тэрыторыі кемпінгу, альбо дапамагаючы пры арганізацыі сустрэчы - перабываючы разам з групаю 15-16-гадовых падлеткаў, у камандзе начное варты, у групе, што прымае новых людзей і г.д. Таксама існуе магчымасць у пэўным моманце свайго побыту выбраць і правесці Тыдзень у цішыні.

Якім чынам выглядае звычайны дзень?

08:15 ранішняя малітва і сняданак
10:00 практычныя абавязкі
12:20 малітва апоўдні, затым абед
15:00 практычныя абавязкі
19:00 вячэра
20:30 вечаровая малітва

Двойчы на тыдзень адбываецца біблійнае разважанне разам з адным з братоў.

Ці я мушу валодаць замежнымі мовамі?

Няма абавязку размаўляць на іншых мовах перад тваім прыездам. Галоўнаю моваю ў валанцёрскіх групах з’яўляецца ангельская. Базавае валоданне французскае моваю можа быць карысна пры выкананні некаторых відаў абавязкаў. Ты здабудзеш моўныя здольнасці нават хутчэй, чым можаш сабе тое ўявіць!

Ці я мушу аплаціць грашовы ўнёсак?

Тых, хто прыязджае на 4 тыдні альбо болей, мы просім аплаціць іх першы тыдзень побыту. Пазней такога абавязку няма.

Дзе я буды жыць?

Пачынаючы ад другога тыдня і далей ты атрымаеш месца ў пакоі разам з іншымі валанцёрамі, што застаюцца на даўжэйшы час. Гэтыя асобы рассяляюцца ў прыватных альбо 2-асабовых пакоях.

Што наконт ежы?

Валанцёры штотыдня маюць некалькі пасілкаў у маленькіх групах. Браты арганізуюць тое для групы юнакоў, а з дзяўчатамі пасілкі спажывае сястра.

Ці існуе магчымасць прыехаць з сябрам?

Прыезд у Тэзэ на даўжэйшы тэрмін - гэта асабісты выбар, менавіта таму так важна прыехаць самому/самой, а не з сябрам ці параю.

Што я мушу мець з сабою?

- Біблію;
- пасведчанне кіроўцы (калі маеш, канечне);
- медыцынскую страхоўку, важную для Францыі (напрыклад, для жыхароў Еўразвязу Еўрапейскую картку медыцынскага страхавання);
- гадзіннік.

А калі я маю яшчэ іншыя пытанні?

Пішы нам і пытайся! meetings taize.fr

JPEG - 48 kb


JPEG - 52.5 kb

Printed from: http://www.taize.fr/be_article24944.html - 25 August 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France