Візіт брата ў Аргентыну і Уругвай

Напрыканцы красавіка - пачатку траўня брат з абшчыны Тэзэ наведаў Аргентыну і Уругвай.

У Аргентыне малітвы адбыліся ў мясцовасці Венада-Туэрта і Лагуна-Пайва, што ў правінцыі Санта-Фэ, а таксама ў гарадах Парана ды Буэнас-Айрэс; ва Уругваі малітва прайшла ў Мантэвідэа.

Дзякуючы шматлікім сустрэчам, якія адбыліся падчас гэтае паездкі, умацаваліся путы сяброўства, што злучаюць супольнасць Тэзэ з цэрквамі ў гэтых краінах. Вось некаторыя ўражанні:

 Венада-Туэрта - гэта невялікі горад, што месціцца ў рэгіёне, які характарызуецца інтэнсіўным земляробствам. У сувязі з эканамічнае крызаю 2001 г. ў горадзе паўсталі сацыяльныя праблемы, хаця раней тут былі добрыя варунккі для развіцця. Ксёндз Хуліа Касоні, святар парафіі Сан-Каэтана, паведаміў, што па прычыне шматлікіх рабаванняў парафія была вымушаная зачыняць касцёл па-за часам масавых набажэнстваў і малітваў. Тым не меней, у памяшканні парафіі група жанчын штодзённа гатуе ежу для сем’яў, якія не маглі правільна харчавацца.

У суседнем раёне, на акраінах, група адданых справе жанчын прымае матак з дзецьмі ды падлеткаў у памяшканні арганізацыі пад назваю ’Maná’. Гэта цэнтр, звязаны з барацьбою з дзіцячым недаяданнем пад назваю ’Conin’, што быў заснаваны даследчыкамі, якія ведалі, наколькі важным для ўласцівага развіцця чалавека з’яўляецца атрыманне ежы ў раннія гады дзяцінства. У ’Maná’ маткі атрымліваюць хатылі з ежаю ды харчаваннем для іх сем’яў, у сваю чаргу яны абавязваюцца ўдзельнічаць у вучэбных занятках, што прысвечаныя пытанням харчавання, прафілактыкі ды адказнасці ў жыцці наваколля. Дзецям і падлеткам, што дапамагаюць у садзе альбо ўдзельнічаюць у адукацыйных мерапрыемствах, прапануюць лёгкі перакус. Наведваючы гэтыя месцы і прыслухоўваючыся да аповедаў, стае зразумелым, што здзяйсненне праграм па дапамозе з’яўляецца вынікам дбайнага аналізу таго, каб бенефіцыенты не патрапілі ў залежнасць замест таго, каб выконваць свае доўгатэрміновыя абавязкі.

У Лагуна-Пайве, маленькім мястэчку на поўнач ад Санта-Фэ, адбылася малітва з удзелам парафіянаў, а таксама, па абедзе, сустрэча з мясцовае моладдзю, якая сфармавала групы дзялення паводле прапаноў Брата Алоіса на 2018 год ’Невычэрпная радасць’. Удзельнікі з вялікаю цікавасцю прынялі малітву з медытатыўнымі спевамі.

Апошнім этапам паездкі ў Аргентыне быў Буэнас-Айрэс, дзе адбылася малітва ў парафіі ’San Isidro Labrador’. Цягам апошніх гадоў маладзёны з Буэнас-Айрэс прыязджаюць да Тэзэ ў якасці валанцёраў на тры месяцы.

Уругвай - гэта адносна паспяховая маленькая краіна. Галоўным чынам, вядомая сваёю найбольшаю ў Лацінскае Амерыцы свецкасцю. Сувязі паміж Касцёлам а дзяржаваю тут значна меншыя, чым у Аргентыне. Большасць жыхароў краіны пражывае у Монтэвідэа ды па ўбярэжжы эстуарыю Ла-Платы.

Колькасць практыкуючых хрысціянаў ва Уругваю не вельмі вялікая, хаця на сустрэчах у парафіях San Alejandro ды San Pedro Claver, San Ignacio ды салезіянскім інстытуце La Maturana прысутнічала даволі багата людзей. Таварыства салезіянаў вельмі актыўнае ў краіне, а візіт брата Тэзэ ва Уругваю, між іншым, адбыўся, менавіта дзякуючы супрацоўніцтву абшчыны Тэзэ з салезіянамі.

Дадзеная паездка ў Аргентыну ды Уругвай дазволіла сустрэцца з людзьмі, што ўжо ведалі пра Тэзэ, а таксама данесці новым пакаленням малітву са спевамі Супольнасці разам з імкненнем да прымірэння. У абедзвюх краінах перад Касцёлам стаіць актуальная вялікая задача перадачы веры новым пакаленням маладзёнаў, а таксама людзям, што застаюцца ў шэрагах сацыяльна неабароненых слаёў грамадства. Шматлікія вернікі сутыкаюцца з тымі заданнямі праз служэнне разам з моладдзю альбо пры дапамозе эфектыўнага сацыяльнага ангажавання, што вынікае з любові. Іх прагненне змяніць грамадства ды маліцца ў цішыні свайго сэрца пры ўжыванні медытатыўных спеваў суадносіцца з тым, што багата з іх дасвядчаюць пры побыце ў Тэзэ.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article24428.html - 19 March 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France