Выходныя для сяброўства паміж хрысціянскае і мусульманскае моладдзю

Выходныя для сяброўства паміж хрысціянскае і мусульманскае моладдзю ў Тэзэ, 5-8 ліпеня 2018 г.

Пасля сяброўскае сустрэчы, што адбылася ў Тэзэ ў траўні 2017 г., мы аднаўляем тое дасвядчэнне, пашыраючы межы на іншыя краіны і мовы. Усе маладёзны ва ўзросце ад 18 да 35 г. запрашаюцца на моладзевую сустрэчу пад назваю «Ўнутранае жыццё і братэрства» дзеля таго, каб узаемна прабудзіцца ў прысутнасці Бога, каб лепей любіць, пакланяцца і служыць Яму.


"Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі".
Каліграфія Абдулсатара аль-Мансура, сірыйскага мастака, што жыве ў Тэзэ.

- Агульная інфармацыя

Мы радыя запрасіць вас на выходныя сяброўства паміж маладымі хрысціянамі і мусульманамі. Асобы, што часцяком прыязджаюць да Тэзэ, могуць перадаць тое запрашэнне сваім мусульманскім сябрам. Гэтыя выходныя адмыслова прызначаныя для моладзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Акрамя звычайнага жыцця Супольнасці адбудуцца таксама сустрэчы і семінары, што маюць на мэце дапамагчы ўзрастанню ўзаемнага пазнання мусульманаў і хрысціянаў. Каб даведацца болей пра моладзевыя сустрэчы, што арганізуюцца Тэзэ, перайдзіце на гэтую старонку.

- Чым з’яўляецца Тэзэ?

Супольнасць Тэзэ яднае разам каля 100 братоў, каталікоў ды пратэстантаў розных дэнамінацый, што паходзяць больш як з трыццаці краін свету. Дзякуючы сціпласці свайго існавання, Супольнасць - гэта “прыпавесць еднасці”, канкрэтны знак паяднання паміж падзеленымі хрысціянамі і падзеленымі народамі. Браты ў Супольнасці ўтрымоўваюцца з уласнае працы. Яны не прымаюць аніякіх ахвяраванняў, а нават не ўваходзяць у права спадчыны, якая застаецца для ніх. Усе гэтыя сродкі Супольнасць перадае абяздоленым. Некаторыя браты жывуць у неспрыяльных кутках свету, каб быць сведкамі супакою блізка тых, хто пакутуе. У гэтых невялікіх суполках у Азіі, Афрыцы ды Лацінскае Амерыцы браты падзляюць тыя самыя варункі жыцця, як мясцовае насельніцтва. Яны імкнуцца сведчыць любоў для найбяднейшых, беспрытульных дзяцей, вязняў, паміраючых, людзей, што зраненыя зламанымі адносінамі ці самотнасцю. Цягам гадоў маладзёны з усіх кантынентаў прыязджаюць вялікімі групамі да Тэзэ, каб прымаць удзел у тыднёвых сустрэчах. А цягам апошніх некалькіх гадоў Супольнасць шукае больш глыбокіх сувязяў з вызнаўцамі й іншых рэлігій. Гэтыя першыя выходныя сяброўства паміж хрысціянамі і мусульманамі ў Тэзэ будуць сведчаннем гэтага жадання ўзаемнае гасціннасці.

- Хто можа прыехаць на тыя выходныя ?

Запрашаюцца маладыя людзі ад 18 да 35 гадоў. Каб удзельнічаць у сустрэчы, не абавязкова быць практыкуючым хрысціянінам ці мусульманінам. Кожны, хто зацікаўлены гэтае сустрэчаю, можа пачувацца запрошаным, у тым ліку асобы, што не адчуваюць сябе звязанымі з рэлігіяю ці нейкае рэлігійнае традыцыяю.

Калі вы не падыходзіце ўзростам да гэтае сустрэчы, будзе лепей прыняць удзел у іншых сустрэчах, інфармацыю пра якія можна знайсці на гэтае старонцы.

У сустрэчы могуць удзельнічаць таксама 17-гадовыя падлеткі, калі прыедуць у суправаджэнні старэйшых сяброў (і пры ўмове наяўнасці падпісанага бацькоўскага дазволу).

- Праграма

Чацвер, 5 ліпеня 2018 г.

Гадзіны мусульманскіх малітваў для рэгіёну Ліён:
4:20, 5:55, 13:50, 17:56, 21:37, 23:05
Для мусульманскіх малітваў з гэтае нагоды будзе стала даступны пакой у адным з будынкаў Супольнасці.

- Прыбыццё да Тэзэ ў другой палове дня, калі тое магчыма, лепей да 18-ае гадз. (71250, Saône-et-Loire, Bourgogne du Sud).
- Пасілак а 19-ае гадз. разам з іншымі асобамі, якіх прымае Супольнасць (усе пасілкі вегетарыянскія).
- 20:30: малітва ў храме Паяднання разам з братамі Супольнасці ды асобамі, што прыехалі на гэтыя выходныя.

Пятніца, 6 ліпеня 2018 г.

Гадзіны мусульманскіх малітваў для рэгіёну Ліён:
4:21, 5:56, 13:50, 17:56, 21:37, 23:05

- 8:15: супольная малітва разам з абшчынаю Тэзэ
- 9:15: сняданак
- 10:00: уводзіны ў ранішняю тэматыку
- 11:00: малыя групы дзялення, што складаюцца з 8-10 чалавек, мусульманаў і хрысціянаў разам
- 12:20: малітва апоўдні ў абшчыне Тэзэ
- 13:00: супольны абед з асобамі, што перабываюць у Тэзэ
- 15:15: уводзіны да вечаровае тэматыкі і абмеркаванне ў групах
- 17:00: падвячорак
- 17:30: семінары і варштаты (на выбар)
- 19:00: вячэра
- 20:30: вечаровая малітва з абшчынаю Тэзэ. Малітоўная вігілія напамін смерці Хрыстуса на крыжы
- 21:15: магчымасць сабрацца разам у бары Oyak, каб спяваць, танчыць і г.д. з моладдзю з розных краін
- 23:30: максімальна - пачатак начное цішыні

Субота, 7 ліпеня 2018 г.

Гадзіны мусульманскіх малітваў для рэгіёну Ліён:
4:22, 5:56, 13:51, 17:56, 21:37, 23:04

- 8:15: супольная малітва разам з абшчынаю Тэзэ
- 9:15: сняданак
- 10:00: уводзіны ў ранішняю тэматыку
- 11:00: малыя групы дзялення, што складаюцца з 8-10 чалавек, мусульманаў і хрысціянаў разам
- 12:20: малітва апоўдні ў абшчыне Тэзэ
- 13:00: супольны абед з асобамі, што перабываюць у Тэзэ
- 15:15: уводзіны да вечаровае тэматыкі і абмеркаванне ў групах
- 17:00: падвячорак
- 17:30: семінары і варштаты (на выбар)
- 19:00: вячэра
- 20:30: вечаровая малітва з абшчынаю Тэзэ. Малітоўная вігілія напамін уваскрасення Езуса
- 21:15: магчымасць сабрацца разам у бары Oyak, каб спяваць, танчыць і г.д. з моладдзю з розных краін
- 23:30: максімальна - пачатак начное цішыні

Нядзеля, 8 ліпеня 2018 г.

Гадзіны мусульманскіх малітваў для рэгіёну Ліён:
4:23, 5:57, 13:51, 17:56, 21:36, 23:03

- 9:15: сняданак
- 10:00: каталіцкая Эўхарыстыя
- 11:30: падсумаванне і развітванне
- 13:00: абед для тых, хто яшчэ застаецца ў вёсцы. Магчымасць набыцця спакаванага пасілку на зваротны шлях

Некаторыя прыклады тэм, што ўзнімаліся на сустрэчы ў 2017 годзе

- Прэзідэнт культурнае фундацыі Надзея (Espérance) Грэгуар Піко (Grégoire Picot) з парыскае парафіі Notre-Dame d’Esperance ды імам з Мюльхаўса Мубарак Гуэрдам (Moubarak Guerdam) альбо Камаль Кабтан (Kamal Kabtane).
- Словы супакою: разам з сузасноўніцаю Дому супакою ў мясцовасці Уй (фр. Houilles), прэзідэнтам асацыяцыі “Parlez-moi d’islam” Кахінай Балюль (Kahina Bahloul) ды адміністратарам хрысціянска-мусульманскае групы сяброўства Хубэрам дэ Шэрж (Hubert de Chergé).
- Варштат арабскае каліграфіі з Рані Руабахам (Rany Rouabah) ды Абдулсатарам аль-Мансурам (Abdulsattar Al Mansour).
- Інавацыйныя новаўводзіны ў вышэйшае школе і горадзе: з настаўнікам і педагагічным лідэрам з парыскага ліцэю Шарлем Пэгю (Charles Péguy) ды старшынёю асацыяцыі Coexister Радыяй Баккух (Radia Bakkouch).
- “Сябар, які пайшоў наперад”: Фадзіла Семайі (Fadila Semai) распавядае гісторыю шматгадовага сяброўства ў часы алжырскага тэрарызму паміж хрысціянінам, манахам Хрысціянам дэ Шэржэ (Сhristan de Chergé) ды мусульманінам Мухамедам.
- Канцэрт: гурт Вайд - духоўныя і экзістэнцыяльныя спевы, піяніна (кампазітар і аранжыроўшчык Гаіс Ясір/Ghaïss Jasser); вершы Халіда Румо (Khaled Roumo) чытае Назіха Мэфтах (Naziha Meftah).
- Духоўнае праслухоўванне, хор AISA (Міжнародная суфійская асацыяцыя Алаўія).

Зараз распрацоўваецца праграма на 2018 год, якая будзе апублікаваная пазней.

- Практычная інфармацыя

- Які тут лад жыцця ?

Цягам усяго году Супольнасць прымае дзясяткі тысяч пілігрымаў у вельмі простых варунках. Прыезд да Тэзэ з’яўляецца прыгатаваннем на дасвядчэнне сціпласці, як у справе пасілкаў, так і ў справе засялення і побыту.

- Якія тут варункі засялення ?

Існуе магчымасць прыехаць з уласным намётам. Калі такой магчымасці ў вас няма, вы будзеце размешчаныя ў пакоях барачнага тыпу па 6-8 чалавек, хлопцы і дзяўчаты асобна. Калі прыязджае сямейная пара, недалёк ад абшчыны (некалькі хвілін аўтамабілем) для вас будуць даступныя пакоі. Будзьма ўдзячныя, калі вы паведаміце нам тую інфармацыю падчас вашае рэгістрацыі на старонцы.

- Ці можна прыехаць сем’ям з дзіцяці ?

На гэты канкрэтны час такой магчымасці няма. Аднак цягам тыдня адбываецца таксама звычайная праграма для сем’яў. Каб даведацца больш падрабязна пра тую праграму, перайдзіце на гэтую старонку.

- Ці можна ўдзельнічаць у малітвах іншае рэлігіі ?

Усе прысутныя запрошаныя да ўдзелу ў абшчыннае малітве братоў Тэзэ. Гэтая малітва ў асноўным складаецца з медытатыўных спеваў, большасць якіх заснаваная на цытатах і псальмах з Бібліі. Некаторыя спевы, дзе не ўзгадваецца Хрыстус, таксама могуць быць прымальнымі для мусульманаў. Кожны прысутны сам вольны вырашаць, ці ўдзельнічаць яму ў спеве. Хрысціяне могуць прымаць удзел у мусульманскае малітве. Дзеля гэтага такія асобы маюць паважаць месца малітвы мусульманаў, знаходзіцца ў тыльнае частцы пакою і не прымаць удзелу ў фізічных жэстах і малітоўных паставах мусульманаў.

- Колькі будзе каштаваць той побыт ?

Пададзеныя ніжэй квоты вагаюцца ад мінімальнае да максімальнае. Кожны можа ўнесці столькі, колькі ён рэальна можа заплаціць за ўдзел.

Ад чацвярга (вечар) да нядзелі (апоўдні):
Асобы ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў:
паміж 24,00 а 33.00 €
Спакаваны пасілак на зваротны шлях (т.зв. пікнік): 4,00 €

Асобы ва ўзросце ад 30 да 35 гадоў:
У залежнасці ад тыпу засялення:
- са сваім намётам альбо міні-бусам/караванам: 48 – 66 €
- у нашых пакоях (баракі): 60 – 84 €
Спакаваны пасілак на зваротны шлях (т.зв. пікнік): 4,00 €

У тым выпадку, калі з’яўляешся беспрацоўным і шукаеш працы, можаш унесці такую самую квоту, як асобы да 30 гадоў.

Унёсак можна здзейсніць у дзень прыезду чэкам, наяўнымі ці банкаўскаю карткаю. Магчыма таксама здзейсніць плацёж беспасрэдна ў сеціве пры дапамозе банкаўскае карткі падчас онлайн рэгістрацыі на нашае старонцы.

- Якім чынам зарэгістравацца і прыехаць

- Як зарэгістравацца ?

Зарэгістравацца можна онлайн, пакідаючы ў каментарыях фразу: « je viens participer au Week-end d’amitié entre jeunes musulmans et chrétiens ». перайсці сюды для рэгістрацыі

Увага: існуюць адмысловыя аўтобусы, якія курсуюць з некаторых краін наўпрост да Тэзэ. Калі вам прасцей дабірацца да нас менавіта такім чынам, лепей будзе зарэгістравацца на ўвесь тыдзень, прымаючы ўдзел у звычайнае праграме тыдня Тэзэ, а ўжо ад чацвярга прымаць удзел у спецыяльнае праграме хрысціянска-мусульманскае сустрэчы. У такім выпадку вам трэба будзе прыйсці на пункт Welcome 4 ліпеня, дзеля таго каб атрымаць інфармацыю наконт спецыяльнае праграмы падчас выходных 5-8 ліпеня.

- Як даехаць да Тэзэ ?

Аўтамабілем: 380 км на поўдзень ад Парыжа, 100 км на поўнач ад Ліёну
Taizé - GPS каардынаты : Lat/Lon : N46.51355 E4.67708 UTM : 31T 628650 5152490
Паштовы адрас : Communauté de Taizé, 71250 TAIZÉ, France. Увага: ў Францыі ёсць некалькі мясцовасцяў пад назваю “Тэзэ”. Таму ў навігацыі вельмі істотна ўвесці адрас: « 71250 Taizé »
Цягніком ці аўтобусам: перайдзіце на гэтую старонку, каб даведацца пра розныя магчымасці.

Арганізаваны выезд: з некаторых мясцовасцяў будзе адмысловы транспарт. Пішыце нам, калі вы самі маеце магчымасць і жаданне арганізаваць такі выезд з вашае мясцовасці.

Калі ў вас засталіся яшчэ пытанні адносна паездкі, пішыце нам: rencontres taize.fr

Мы з нецярпеннем чакаем сустрэчы з вамі! Ahla wa sahla !

Printed from: http://www.taize.fr/be_article23880.html - 24 June 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France