Хрыстус заклікае нас быць разам, быць сімвалам Ягонага супакою сярод людзей

Субота, 31 сакавіка

 [1]

Што сабрало нас разам гэтымі днямі? Ці ідэя, дактрына альбо сістэма поглядаў? Не, гэта асоба, асоба Езуса. Цягам усяго мінулага тыдня мы суправаджалі Яго падчас апошніх момантаў Ягонага жыцця, аж да самага канца.

Напрыканцы гэтага тыдня мы застаемся з пытаннем: гэты чалавек, які нікому не ўчыніў крыўды, які, наадварот, зрабіў столькі дабра для многіх бедных людзей, чаму ж людзі таго часу бачылі ў Ім небяспеку, аж да Ягонага выключэння, знявагі, катавання і забіцця?

Чаму яны тое ўчынілі Яму? Нават Ягоныя найбліжэйшыя сябры адмовіліся ад Яго, безумоўна, Юда, але ж таксама й Пётр. Усе яны збеглі. А што мы?

Напрыканцы гэтага тыдня застаецца таямніцаю тое, што застаецца часткова незразуметым. Таму што Езус цалкам увайшоў у тое, што бессэнсоўна для людзей, і зрабіў тое без пярэчанняў.

Ён ведаў, што мае прынесці любоў Бога ў найглыбейшую цемру чалавецтва. Для нас жа цяжкім для зразумення ёсць тое, што, каб зрабіць гэта, Ён не змагаўся супраць людзей. Разам з тым Ён не хацеў толькі выправіць людзей за дапамогаю маральных заклікаў альбо даючы свой прыклад. Ён зрабіў значна больш: Ён змагаўся супраць самой нянавісці, смерці і зла.

У гэтыя дні так, як Ягоныя вучні, мы былі ў Гефсіманіі. Ён просіць чуваць і маліцца разам з Ім. Ён патрабуе адчуць нашую блізкасць. У той жа самы час Ён “адыйшоў крыху ўбок”, як кажа Евангелле, каб памаліцца ў самоце. Ён быў сам насам перад абліччам нянавісці, смерці і зла.

Сёння, Вялікая Субота, - не проста дзень, што выпадае раз на год. Гэта той дзень, у якім выражаецца рэчаіснасць нашага жыцця, фаска нашае веры. Нібы вучні, мы не ведаем, куды адыйшоў Езус, мы не ведаем глыбіні драмы, якую Ён зведаў. А нават болей: сутыкаючыся з пакутамі многіх бязвінных людзей, у нас можа нават нарадзіцца пытанне, а ці сапраўды Хрыстус насамрэч перамог зло?


Заўтра ў Велікодную нядзелю будзьма славіць Ягонае ўваскрасенне. Будзьма памятаць, а нават болей, будзьма жыць гэтаю незвычайнаю падзеяю, калі жанчыны вярнуліся ад гробу Пана, знайшоўшы яго пустым, і падзяліліся тым з апосталамі, кажучы: “Хрыстус уваскрос!”

Так, мы верым, што Ён жыве. Але не так, што Ён вярнуўся да нашага жыцця, адзначанага нянавісцю, злом і смерцю. Аднак мы верым, што Ён у нябачны спосаб блізкі да ўсіх і кожнага з нас, і напаўняе нас Сваёй любоўю.

Нашая чалавечая мова церпіць паразу, спрабуючы апісаць таямніцу Ягонае прысутнасці. Тым не менш, у Евангеллі мы знаходзім вельмі простыя словы, што напаўняюць нас пачуццём рэальнасці Ягонае блізкасці, як гэтыя словы з Евангелля паводле Яна: “Сапраўды кажу вам, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я”.

Менавіта праз супольнае цэлебраванне, якое заўтра ўчынім, мы ўваходзім ў таямніцу сталае прысутнасці Хрыста. Праз гэтае цэлебраванне Ягонае ўваскрасенне зазначае нашае жыццё.

І пасля гэтага расплюшчваюцца нашыя вочы. Мы бачым рэчаіснасць у новым святле, у святле надзеі, а не ў адчаі. Будучы далёкім ад наіўнае ўтопіі, гэтае новае бачанне рэчаіснасці працуе ў нас і нас перамяняе.

Ад зараз Хрыстус заклікае нас да супольнага быцця знакам супакою сярод людзей. Гэта й ёсць місія ды заклік Царквы. Хрыстус сабраў нас усіх разам з усіх народаў, нават з процілеглых народаў, з усіх моў, з усіх чалавечых уваранкаванняў, каб мы былі носьбітамі Ягонага супакою.


Нашая малая Супольнасць працягвае ажыццяўляць разам з усімі вамі “Пілігрымку Даверу” на ўсіх кантынентах толькі таму, што мы маем нашае прагненне адзінства, й не толькі адзінства сярод хрысціянаў, але супакою ўсяе чалавечае сям’і, і гэтае нашае прагненне мы атрымалі ад Хрыста.

Некаторыя з тых чарговых этапаў пілігрымкі вам ужо вядомыя.

На травеньскіх выходных адбудзецца Сустрэча ва Украіне, ва Львове [http://taize.fr/be_article23699]. У гэтае дзяржаве, што праходзіць выпрабаванні, з якімі цалкам не знаёмыя іншыя еўрапейскія краіны, мы прагнем паказаць нашую блізкасць і салідарнасць. Многія з вас прыедуць ва Львоў. Такія сустрэчы адкрываюць і пашыраюць нашыя гарызонты.

Адразу ж пасля гэтага я са сваімі братамі і невялікае групкаю моладзі скіруюся ў Сібір, у Кемерава [http://taize.fr/ru_article23404]. Гэты горад у жалобе пасля жудаснага пажару, які здарыўся ў гандлёвым цэнтры на мінулым тыдні. Там нас будзе прымаць Праваслаўная царква.

Затым, у жніўні, будзе мець месца Сустрэча ў Ганконгу [http://taize.fr/be_article23381]. Мы любім гэтую вялікую краіну - Кітай, - таму гэта важна для нас. Гэтая сустрэча дазволіць нам сустрэць маладзёнаў з багата якіх краін Азіі ды іншых месцаў, нават з Еўропы.

А ў кастрычніку адбудзецца Сустрэча ў аўстрыйскім Грацы.


А зараз я хацеў бы падзяліцца тым, што зробіць шчаслівымі маладых афрыканцаў. Мне б хацелася анансаваць наш чарговы этап пілігрымкі ў Афрыцы, гэта будзе нашае пятае афрыканскае паломніцтва. Яно адбудзецца за паўтара гады, з 25 па 29 верасня 2019 г., на паўднёвым ускрайку кантынента, у Паўднёвае Афрыцы, у горадзе Кейптаўн.

Нас запрасілі розныя цэрквы Кейптаўна. Сёння з намі Шэран, Занэле, Джако, Вінанд ды Луіс, якія паходзяць з ПАР; яны прадстаўляюць тут розныя цэрквы. І зараз Шэран прамовіць да нас.

Шэран: Здароўкі ўсім! Мяне завуць Шэран, я з ПАР, паходжу менавіта з Кейптаўна. Як для асобы з Паўднёвае Афрыкі, што жыве ў “вясёлкавым” народзе з шэрагам разнастайнасцяў, прымірэнне засўсёды прамаўляла да мяне. У нас у краіне, напрыклад, дванаццаць розных афіцыйных моў.

Мы ўжо зараз разам з моладдзю з розных афрыканскіх краін ды іншых кантынентаў чакаем на сустрэчу ў будучым годзе, каб выслухаць адзін аднаго і супольна святкаваць. Падрыхтоўка ўжо распачалася, таму мы спадзяемся гасціць усіх вас у наступным годзе ў Паўднёвае Афрыцы. Пабачымся ў Горадзе-маці, да сустрэчы ў Кейптаўне!


І нарэшце, апошні кавалак навінаў. Заўтра раніцаю цэлебрацыя Ўваскрасення будзе суправаджацца чымсьці, чым мы жывем у Супольнасці, але чым хацелі б падзяліцца таксама з усімі вамі.

Заўтра раніцаю наш брат Жан увойдзе ў нашую Супольнасць на ўсё ягонае жыццё. Пасля некалькіх гадоў падрыхтоўкі ён зробіць наступны крок даверу: ён скажа “так” ягонаму ўнутранаму жыццю з Хрыстусам і нам, ягоным братам.

Існуе багата магчымасцяў наследваць Хрыста. Але нас усіх, дзе б мы ні былі, Хрыстус кліча, так як калісьці паклікаў нашага брата Жана, даверыцца Яму і пайсці за Ім без аглядкі аж да канца нашага жыцця.

Няхай жа радасць уваскрасення кране нашыя сэрцы, няхай яна будзе з усімі намі праз усе дні нашага жыцця!

[1Здымак: Benedek Pozsgay

Printed from: http://www.taize.fr/be_article23856.html - 29 May 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France