Разважанні Брата Алоіса

Аб’яўленне Пана: прыйдзіце і пакланіцеся Яму!

JPEG - 31.8 kb

Эпіфанія, вітраж аўтарства Брата Эрыка, Тэзэ

Раство ставіць перад намі сціплую падзею, што аднойчы адбылася ў Бэтлееме. Аб’яўленне паказвае нам, што тая падзея мае ўніверсальнае, а нават касмічнае вымярэнне. Вешчуноў (Тры Каралі), што прадстаўлялі ўсі народы і ўсі культуры, вяла зорка.

Сёння мы прагнем зразумець, як святло Хрыста можа асвяціць усіх людзей. Дасягаючы гэтага так, як мудрацы, мы мусім адрынуць нашыя звычкі і некаторыя нашыя перакананні. Мы маем пакінуць саміх сябе па-за намі, схіліцца і ўвайсці ў стайню. Любое іншае стаўленне можа стацца для нас прычынаю таго, што мы не заўважым Бога, які пагадзіўся на месца свайго нараджэння ва ўтоеным месцы.

Давайце ж правядзем час разам з німі. Хай нашая малітва, перад тым, як будзе агучана просьба, будзе як у магаў - пакланеннем. Калі мы глядзім у кірунку святла Хрыста, яно паступова стае ўнутраным святлом, а таямніца Хрыста стае таямніцаю нашага ўласнага жыцця.

Дух пакланення не такі ўжо й просты ў свеце, дзе неадкладныя вынікі значаць так шмат, дзе простая думка доўгага працэсу выспявання выклікае незадавальненне. Так, як для вешчуноў, падарожжа неабходнае для таго, каб проста застацца ў прысутнасці Бога. У доўгім маўчанні, дзе, здавалася б, нічога не мела б здарыцца, Бог дзейнічае ў нас, нават без нашае свядомасці пра тое.

Вітраж Эпіфанія паказвае мудрацоў, што пакланяюцца Дзіцятку. Давайце ж паглядзім на тое Дзіцятка, каб зразумець, кім ёсць Бог. Давайце распазнаем скрайнюю пакорлівасць Бога. Давайце паглядзім, як беднае дзіцятка прыходзіць дзеля выпрошвання нашае любові! Будзьма таксама ўважнымі да таго, што Яно аднаўляе чалавечую годнасць тых, хто яе страціў.

Пакланяцца - значыць распазнаць прысутнасць Бога. Бог прысутны ў Ягоным Слове (згодна з апошнім Сінодам біскупаў у Рыме, назва “сакраментальнасці” характару Бібліі больш не ўжываецца). Бог прысутнічае ў Эўхарыстыі. Усходнія хрысціяне ведаюць, што іконы таксама вядуць нас да еднасці з Богам. Бог прысутнічае ў сціплых момантах нашага жыцця. А ў Евангеллі сцвярджаецца: Бог дазволіў быць знойдзеным сярод найбяднейшых.

Пакланенне значыць адварочванне ад саміх сябе ў кірунку да Бога. Калі нашыя ўласныя праблемы займаюць усю прастору, якім чынам ліквідаваць перашкоды, што замінаюць крыніцы жыцця, якую ўсталяваў у нас Бог?

Мудрацы сваё пакланенне выражаюць праз ахвяраванне. Малітва пакланення вядзе нас да ахвяравання Богу ды іншым усяго найлепшага з нас. Гэта вядзе нас да ўчынення з жыцця дару для тых, хто паверыў нам.

Праўдаю таксама ёсць й тое, што некаторыя так моцна пакутуюць, што ўжо не маюць больш сіл служыць Богу. Да такіх людзей мы павінны мець павагу ды спачуванне без аніякіх абмежаванняў. Але калі Евангелле заклікае нас глядзець па-за сябе, дык робіцца тое, каб захаваць надзею, нават тым, хто ўжо больш не можа спадзявацца.

Усходнія хрысціяне могуць адчуваць адносіны любові адносна таямніцы Бога больш спантанна, чымся гэта адчуваюць заходнія хрысціяне. Нядаўна я меў менавіта такое дасвядчэнне. На пачатку снежня 2008 г. нашыя сэрцы былі кранутыя смерцю Патрыярха Маскоўскага Алексія ІІ. Калі мы сустракаліся, ён казаў мне, што жадае больш цесных кантактаў з Тэзэ. Разам з двума з маіх братоў я прысутнічаў на ягоных хаўтурах.

Падчас урачыстасцяў у Маскве я казаў сабе: нам неабходна адкрыцца на скарбы, што становяць запавет усходняга хрысціянства. Адна з таямніц душы ўсходняга хрысціянства палягае на малітве пакланення, калі боскасць Бога становіцца адчувальнаю. Гэтая малітва дазваляе атрымаць доступ да таямніцы веры: увасаблення Хрыста, Ягонага ўваскрасення, прысутнасці ў Царкве Святога Духа. І менавіта тое ёсць таямніцаю, якую ўсходнія хрысціяне адлюстравалі ў велічы чалавечае істоты. Бог стаў чалавекам, таму чалавецтва можа быць часткаю Ягонае боскасці. Кожная чалавечая істота пакліканая, каб перамяніцца разам з Хрыстом ужо тут, на зямлі.

Ці могуць нашыя літургіі, абсалютна не грэбуючы супольным вымярэннем, весці да большага пакланення, да ўнутранага скіравання, да асабістае еднасці з Богам?

На Ўсходзе Эпіфанія называецца Тэафаніяй, “з’яўленнем Бога”. Літургічная традыцыя вядзе да гісторыі вешчуноў, хросту Езуса ды пераўтварэння вады ў віно падчас вяселля ў Кане - трох элементаў, як й на пачатку Евангелля, у якіх раскрываецца таямніца Хрыста, якая дазваляе Божае спагадзе заззяць у нашае чалавечнасці.

Прыходзячы на зямлю, Езус абвяшчае Божую любоў да ўсіх людзей, да ўсіх нацый. Ён упісвае Божае “так” у глыбіню чалавечае натуры. Бог запрашае ўсіх нас такімі, якімі мы ёсць з усім тым добрым, але таксама й з нашымі ценямі, а нават недахопамі. Мы вучымся прымаць, што мы бедныя. І ад таго часу мы не можам адчайвацца, ані сам-насам, ані перабываючы ў свеце.

Штодзённік “La Croix” звярнуўся да Брата Алоіса, каб той напісаў разважанне на перыяд хрысціянскіх святаў 2008-2009 гг.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article23261.html - 31 March 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France