Брат Алоіс 2018

Невычэрпная радасць

Летась маладая дзяўчына, што цяжка хварэла, сказала мне: “Я люблю жыццё”. Я надаль вельмі крануты па прычыне той радасці, што напаўняла яе нягледзячы на значныя абмежаванні па прычыне хваробы. Я быў узрушаны не столькі яе словамі, але прыгажосцю, якою прамянела твар дзяўчыны.

А што мы можам сказаць наконт радасці дзяцей? Наконадні я бачыў дзяцей у Афрыцы, чыя прысутнасць нават у лагерах для бежанцаў, дзе сканцэнтравана столькі трагізму, спрычынілася да абуджэння жыцця. Іх энергія пераўтварыла зламаныя жыцці ў расаднік поўны надзеі. Каб яны толькі ведалі, як шмат дапамаглі нам заставацца шматспадзеўнымі! Іх шчасце, каб быць жывым праменем святла.

На працягу 2018 г. нам хацелася б быць асветленымі такімі прыкладамі, што адлюстроўваюць адну з трох характарыстык – радасць, разам са сціпласцю і міласэрнасцю, якія былі закладзены Братам Ражэ ў якасці істоты нашае супольнасці ў Тэзэ.


Разам з адным з маіх братоў мы наведалі Джубу і Ямбек у Паўднёвым Судане, а затым Хартум – суданскую сталіцу, дзеля таго, каб лепш зразумець сітуацыю гэтых дзвюх краін ды маліцца разам з мужчынамі і жанчынамі, што найбольш пакутуюць у нашыя часы.

Мы наведалі розныя цэрквы і ўбачылі іх працу па навучанні, салідарнасці, клопаце за хворымі ды адрынутымі. Атрымалася пабываць у лагеры для перамешчаных асоб, дзе перабывае багата дзяцей, што ў выніку страшэнных падзей страцілі сваіх бацькоў.

Асаблівым чынам мяне ўразілі жанчыны. Маткі, часцяком вельмі маладыя, нясуць на сабе значную частку пакутаў выкліканых лютасцю. Многія былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў спешцы. І ўсё-ткі яны надаль застаюцца на жыццёвае службе. Іх мужнасць і надзея неверагодныя.

Гэты візіт зблізіў нас з маладымі бежанцамі з Судану, якіх цягам апошніх двух гадоў мы прымаем у Тэзэ.

А перад гэтым два браты і я былі ў Егіпце на пяцідзённай сустрэчы моладзі ў манастыры Анафора, што быў закладзены ў 1999 г. копцкім біскупам. Час быў праведзены за малітваю, пазнаваннем адзін аднаго, а таксама адкрыццём доўгае і багатае традыцыі Егіпецкае Царквы. Сотня маладзёнаў прыехала з Еўропы, Паўночнае Амерыкі, Эфіопіі, Лівану, Алжыру ды Іраку; іх усіх прымала сотня маладых коптаў з Каіру, Александрыі і Верхняга Егіпту.

Асабліва нашую ўвагу прыцягнула пытанне спадчыны мучанікаў Копцкае царквы, як таксама манаскія сцежкі, якія надаль вядуць да сціпласці жыцця. Маіх братоў і мяне вельмі цёпла прыняў глава Копцкай царквы папа Тэадор ІІ.


Пасля нашага вяртання з Афрыкі мы казалі самі сабе: людзі надаюць так мала ўвагі голасу тых, хто сёння перажывае такія цяжкія выпрабаванні, усё адно паблізу ці здалёк ад нас. Іх крык нібы губляецца ў пустаце. Пачуць пра тое ў СМІ не будзе дастаткова. Якім жа чынам мы можам адказаць на гэта нашым жыццём?

Наступныя прапановы на 2018 г. часткова былі натхнёныя й гэтым пытаннем.

Брат Алоіс


Чатыры прапановы на 2018 год

Першая прапанова: Укопвацца глыбей да вытокаў радасці


Здалёк явіўся мне Гасподзь і сказаў: любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, і таму даў табе Маё ўпадабанне. (Ераміі 31:3)

Гасподзь Бог твой сярод цябе: узвяселіцца за цябе радасцю, будзе літасцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе з весялосцю. (Сафоніі 3:17)

Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся. (Філіпянаў 4:4)

Чаму так адбываецца, што кожную суботу ўвечары храм у Тэзэ асвятляецца загадзя прыгатаванымі малымі свечкамі, што кожны трымае ў сваёй руцэ? Таму, што ўваскрасенне Хрыста нібы святло ў сэрцы хрысціянскае веры. Гэта містычная крыніца радасці, якую розумам мы ніколі да канца не спазнаем. Наталяючы смагу з гэтае крыніцы, мы можам “несці радасць унутры нас, бо мы ведаем, што ў канчатковым рахунку апошняе слова будзе за ўваскрасеннем” (Аліўе Клеман, праваслаўны багаслоў).

Радасць – гэта не раздзьмутае пачуццё, не індывідуалістычнае шчасце, што адасабляла б нас ад іншых, але бесклапотная ўпэўненасць, што жыццё мае сэнс.

Радасць Евангелля паходзіць з упэўненага даверу, што Бог нас любіць. Здалёк ад стану экзальтацыі адварочвае нас ад клопатаў сучаснасці, робіць нас больш чулымі адносна няшчасцяў іншых.

  • Будзьма ж шукаць нашую радасць перадусім у перакананні нашае прыналежнасці да Бога. У гэтым нас можа падтрымаць малітва, якую пакінуў сведка Хрыста з XV ст.: “Пане мой і Божа, забяры ад мяне ўсё тое, што трымае мяне здалёк ад Цябе. Мой Пане і мой Божа, дай мне ўсё тое, што набліжае мяне да Цябе. Мой Пане і мой Божа, цалкам забяры самога мяне і перадай поўнасцю Табе” (св. Мікалай фон Флюэ).
  • Нашая радасць сілкуецца, калі мы разам молімся спевам. “Спявай Хрысту, аж не будзеш радасны і лагодны”, прапаноўваў Брат Ражэ. Супольныя спевы ствараюць як асабістыя адносіны з Богам, так і адзінства паміж тымі, хто сабраўся разам. Прыгажосць малітоўнае прасторы, літургіі ды спеваў – гэта знак уваскрасення. Супольныя малітвы могуць абудзіць тое, што ўсходнія хрысціяне называюць “радасцю Неба на зямлі”.
  • Мы таксама можам адкрываць Божую любоў у чалавечае радасці, якую прабуджае ў нас паэзія, музыка, скарбы мастацтва, прыгажосць Божага стварэння, глыбіня любові і сяброўства…

Другая прапанова: Пачуйце крык найбольш безабаронных


Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе. Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень смутку майго. (Псальм 102:2-3)

У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Езус і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Ойча! бо такая была Твая воля. (Лукі 10:21)

Гасціннасці да вандроўнікаў не забывайце; бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў. Памятайце вязняў, як бы і вы з імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе. (Габрэяў 13:2-3)

Чаму так багата людзей праходзяць праз столькі выпрабаванняў – выключэнне, лютасць, голад, хваробы, прыродныя катастрофы, – а іх галасы надаль цяжка пачуць?

Ім патрэбна падтрымка – прытулак, ежа, адукацыя, праца ды медыцынская дапамога, – аднак найбольш істотным для іх будзе сяброўства. Быццё змушаным прымаць помач можа быць паніжальным. Адносіны ж сяброўства кранаюць сэрцы, як сэрцы тых, хто мае патрэбу, так і тых, хто дэманструе салідарнасць.

Прыслухоўванне да крыку тых, што былі зраненыя, зазіраючы ім у вочы, слухаючы ці дакранаючыся тых, хто пакутуе, хто хварэе, знаходзіцца ў вязніцы, зняволены, мігрант… Такая асабістая сустрэча дазваляе нам адкрыць годнасць іншых і дазваляе нам нешта ад іх атрымаць, бо нават самым абяздоленым ёсць што прапанаваць.

Ці ж бы не самыя ўразлівыя людзі робяць незаменны ўнёсак у стварэнне больш братэрскае супольнасці? Яны паказваюць нам нашую ўласную ўразлівасць, дапамагаючы нам такім чынам станавіцца больш чалавечнымі.

  • Мы ніколі не павінны забывацца на тое, што, стаўшы чалавекам, Езус Хрыстус быў з’яднаны з кожнаю чалавечаю істотаю. Ён перабывае ў кожнае асобе, асабліва ў найбольш адрынутых (гл. Мацвея 25:40). Калі мы ідзем насустрач тым абяздоленым, мы набліжаемся да Езуса, беднага сярод бедных; яны дазваляюць быць у большае блізкасці з Ім. “Ня бойцеся дзяліцца выпрабаваннямі з іншымі, ня бойцеся пакут, бо часта з глыбіні бездані нам даецца дасканалая радасць ад перабывання з Езусам Хрыстом” (Правілы Тэзэ)
  • Праз асабістыя кантакты мы прыходзім да спосабаў дапамогі абяздоленым, не чакаючы анічога ўзамен, але тым не меней будучы ўважлівым на ўсё тое, чым бы яны хацелі з намі падзяліцца. Праз гэта мы адкрываем нашыя сэрцы, робім іх больш шырокімі.
  • Нашая зямля таксама безабаронная. Жорсткае выкарыстанне, уласцівае людзям, усё больш і больш раніць яе. Нам неабходна прыслухацца да енку зямлі. Нам неабходна клапаціцца пра яе. Мы мусім імкнуцца, між іншым, да змены ладу нашага жыцця, змагацца супраць прагрэсуючага знішчэння.

Трэцяя прапанова: Дзяліцца выпрабаваннямі ды радасцямі


Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача. (Рымлянаў 12:15)

Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца. (Мацвея 5:4)

І ня смуткуйце, бо радасць прад Госпадам — падмацаванне вам. (Нээміі 8:10)

Пасля свайго ўваскрасення Езус надаль меў сляды ад цвікоў падчас укрыжавання (гл. Яна 20:24-29). Уваскрасенне ахоплівае пакуты на крыжы. Для нас, хто крочыць услед за Ім, радасць і выпрабаванні могуць суіснаваць; яны зліваюцца і становяцца спачуваннем.

Унутраная радасць не аслабляе салідарнасці з іншымі, яна яе падсілкоўвае. Гэта нават заахвочвае нас пераадольваць межы, каб далучыцца да тых, хто мае цяжкасці. Гэта падтрымлівае ў нас жывую настойлівасць у захаванні вернасці нашым жыццёвым пакліканням.

У прывілеяваных колах, дзе людзі добра маюцца, добра адукаваныя і добра забяспечаныя, часцяком адсутнічае радасць, так нібы некаторыя з іх знасіліся і сталі збянтэжанымі ўласным жыццём.

Часамі, як ні парадаксальна, сустрэча з жабраком спрычыньваецца да радасці, магчыма, толькі сполаху радасці, аднак, як бы тое не было, сапраўднай радасці.


  • Мы мусім стала адраджаць нашае прагненне радасці, што так глыбока ўкаранілася ў нас. Чалавечыя істоты пакліканыя да радасці, а не для змрочнасці. Радасць не азначае толькі перабыванне сам-насам з сабою, але дзяленне, праменяванне навокал. Пасля атрымання весткі ад анёла, Марыя наведала сваю кузіну Елісавету і заспявала з ёю (Лукі 1:39-56).
  • Як Езус, што плакаў па памерлым сябры Лазары (Яна 11:35), давайце плакаць перад абліччам чалавечае пакуты. Мы можам мець тых, хто пакутуе, у нашых сэрцах. Аддаючы іх у Божыя рукі, мы не пакідаем іх сляпому й няўмольнаму лёсу, але павяраем іх Божае міласэрнасці, які любіць кожную чалавечую істоту.
  • Перабыванне поруч з тымі, хто пакутуе, і плачучы з імі, можа даць нам адвагу нармалёвага супраціву несправядлівасці, адкідваючы тое, што ставіць пад пагрозу ці разбурае жыццё, альбо змяніць тупіковую сітуацыю.

Чацвёртая прапанова: Цешыцца дарам іншых сярод хрысціянаў


Адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, якое Ён загадзя паклаў у Ім, на здзяйсненне паўнаты часу, каб усё нябеснае і зямное паяднаць у Хрысце. (Эфэсцаў 1:9,10)

Як добра і як прыемна жыць разам з братамі ды сёстрамі! (Псальм 133:1)

Бог паслаў Хрыста ў свет сабраць у адзінае ўвесь сусвет, усё стварэнне, аднавіць усё ў Ім. Бог паслаў Яго сабраць чалавецтва разам у адной сям’і: мужчын і жанчын, дзяцей і старых, людзей рознага дасвядчэння, моў і культур, а нават розных нацый.

Многія людзі імкнуцца да аб’яднання хрысціянаў, каб тыя ўжо не былі больш падзеленыя, паводле паслання ўсеагульнага братэрства, што пакінуў Хрыстос. Ці ж бы нашае адзінства як братоў і сясцёр не павінна стаць знакам, прадчуваннем адзінства і супакою паміж людзьмі?

  • Будучы хрысціянамі розных Цэркваў мы павінны мець смеласць разам звярнуцца да Хрыста і не чакаць, пакуль цалкам пагодзяцца нашыя тэолагі, “паставіць сябе пад адным дахам”. Прыслухаемся да закліку копцкага манаха, які пісаў: “Самою істотаю веры ёсць Хрыстос, якога нельга дакладна апісаць. Таму неабходна распачаць наш дыялог на запрашэнне Хрыста, які той самы… Мы мусім супольна распачаць жыць істотаю нашае веры, не чакаючы на дасягненне згоды адносна яе зместу. У істоце веры – самога Хрыста – любоў, самаахвярнасць”. (айцец Матта эль-Мескін, 1919-2006)
  • Увайшоўшы аднойчы ў гэты працэс, мы можам пачаць дзякаваць Богу за дары іншых. Падчас свайго візіту ў шведскім Лундзе з нагоды 500-ае гадавіны Рэфармацыі папа Францішак маліўся “Духу Святы, учыні нас здольнымі з радасцю распазнаць дары, што атрымала Царква ад Рэфармацыі”. Пад натхненнем гэтага прыкладу будзьма ўважлівымі на распазнаванне ў іншых якасцяў, якімі Бог абдарыў іх ды якіх, можа, бракуе нам. Ці мы здольныя ўспрымаць розніцы ў якасці нашага ўзбагачэння, нават калі тое ўключае моманты, што першапачаткова збіваюць нас з панталыку? Ці можам мы адкрыць свежасць радасці тых дароў ад іншых?
PDF - 2 Mb

Printed from: http://www.taize.fr/be_article23222.html - 10 December 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France