Манаскія зарокі

Пасля часу прыгатаванняў, новы брат супольнасці складае свае манаскія зарокі. Ніжэй пададзеныя словы, што выкарыстоўваюцца, каб выказаць тыя абяцанні.

Каханы браце, чаго ты просіш?

Міласэрнасці Божай і супольнасці братоў маіх.

Няхай Бог закончыць справу, якую Ён сам пачаў у табе.

Браце, ты давяраеш міласэрнасці Бога, памятай, што Пан Езус прыйшоў дапамагчы тваёй пакорнай веры, заангажавацца разам з табою, каб споўніць Свае абяцанні:

Сапраўды, няма нікога, хто, аддаўшы ўсё ў імя Хрыста і Евангелля, не атрымаў бы ў дар стокроць больш - братоў ды сясцёр і матак ды дзяцей - і пераследу, а ў прышласці жыцця вечнага.

Гэта шлях, што супярэчыць усялякаму чалавечаму розуму, але накшталт Абрахама ты зможаш ісці наперад толькі кіруючыся вераю, а не бачаннем, будучы перакананым: хто аддаў свае жыццё Хрысту, той знойдзе яго.

Ад гэтага моманту кроч за Хрыстом. Не клапаціся пра заўтрашні дзень. Перадусім шукай Валадарства Божага і Ягонае справядлівасці. Адрачыся ад самога сябе, аддай сябе і табе будзе дадзена добраю мераю, мераю прыціснутаю, поўнаю і аплываючаю, што на цябе будзе праліта.

Дзекольвек ты абудзішся ці заснеш, уначы ці ўдзень, узыйдзе і будзе расці насенне, нават, калі ты не будзеш ведаць, якім чынам.

Не дазваляй свайму ўнутранаму свету змусіць цябе выглядаць смутным. Намасці галаву сваю й абмый аблічча сваё, бо толькі твой Айцец, які нябачны, будзе ведаць замярэнні сэрца твайго.

Будзь сціплым і радасным, разам з міласэрнаю радасцю, радасцю братэрскае любові.

Будзь пільным. Калі будзеш мець штосьці супраць брата твайго, няхай тое пазастане толькі паміж вамі. Заўсёды шукай паяднання з бліжнім.

Будзь шчырым, памятаючы пра тое, што ты маеш брата, абавязкам якога з’яўляецца выслухаць цябе. Будзь спагадлівым у дачыненнні да яго, каб ён мог выканаць свой абавязак з радасцю.

Пан Езус у Ягонае спагадзе і любові да цябе выбраў цябе, каб ты быў у Царкве знакам братэрскае любові. Ён паклікаў цябе жыць разам з братамі жывою супольнасцю.

Таму зараз, адмаўляючыся ад усяго, што было і нягледзячы на мінулае, з бязмежнаю і радаснаю ўдзячнасцю, не бойся ісці насустрач світанню, каб хваліць, і дабраслаўляць, і спяваць Хрысту, твайму Пану.

Прымі мяне, Пане Хрысце, а застануся жыць. Дазволь, каб мая надзея была крыніцаю радасці.

JPEG - 11.3 kb

Браце, Хрыстус, які паклікаў цябе, чакае зараз твайго адказу.

Ці прагнеш у імя любові Хрыста пасвяціць Яму ўсю сваю сутнасць?

Так, прагну.

Ці прагнеш ад гэтага моманту пасвяціць сваё жыццё Богу ў нашае супольнасці ў еднасці з тваімі братамі?

Так, прагну.

Ці прагнеш жыць са сваімі братамі ў матэрыяльнае і духовае еднасці, што вядзе да адкрытасці сэрца?

Так, прагну.

Ці прагнеш на знак большае магчымасці служэння разам з тваімі братамі, і на знак дадзенае табе непадзельнае любові Хрыста жыць у цэлібаце?

Так, прагну.

Ці прагнеш таго, каб мы сталі адзіным сэрцам і адзінаю душою так, каб нашая еднасць была поўнаю, прымаючы пастановы супольнасці, выражаныя ягоным прыёрам, але таксама памятаючы, што ён толькі сціплы слуга Евангелля?

Так, прагну.

Ці прагнеш заўсёды распазнаваць Хрыста ў абліччы тваіх братоў, клапаціцца пра іх у добрыя і кепскія часы, у пакуце і радасці?

Так, прагну.

Тады, у імя Хрыста і Евангелля, адгэтуль ты становішся братам нашае супольнасці.

Няхай гэтая абручка будзе знакам нашае вернасці Пану.

“Таму зараз, адмаўляючыся ад усяго, што было і нягледзячы на мінулае, з бязмежнаю і радаснаю ўдзячнасцю, не бойся ісці насустрач світанню,
каб хваліць,
і дабраслаўляць,
і спяваць
Хрысту, твайму Пану.”

Манаскія зарокі

Printed from: http://www.taize.fr/be_article21400.html - 22 May 2018
Copyright © 2018 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France