Брат Алоіс 2017

Заклік да царкоўных лідараў на 2017 год

Разам на шляху!

У 2017 г. 500-годдзе Рэфармацыі прапануе магчымасць прасоўвання наперад адзінства і выйсця па-за межы простае ўзаемнае ветлівасці.

Адрозненні паміж Царквамі заўсёды будуць, таксама як і ўнутры адной Царквы. Гэтыя адрозненні будуць прадметам адкрытага дыялогу; яны могуць быць узбагачэннем. Але цягам доўгага часу ва ўсіх Царквах перавагу аддавалі канфесійнае прыналежнасці: людзі вызначалі сябе пратэстантамі, каталікамі ці праваслаўнымі. Ці не надыйшоў час, каб аддаць перавагу хрысціянскае свядомасці, атрыманай у хросце?

Адсюль вынікае пытанне: ці не павінны Цэрквы адважыцца на тое, каб сабрацца пад адным дахам, не чакаючы ўсталення згоды па ўсіх тэалагічных пытаннях? Ці, прынамсі, прыйсці пад адзін намёт, адыходзячы ад статычнага пункту гледжання на адзінства, каб ствараць і шукаць шляхоў, нават часовага характару, што ўжо прадбачаць радасць адзінства і выклікаюць бачныя прыкметы Божае Царквы, каб з’явіліся Цела Хрыста, Еднасць Святога Духа.

Еднасць пасярод усіх тых, што любяць Хрыста, можа быць усталяваная толькі тады, калі яна паважае разнастайнасць; але такая еднасць можа быць верагоднаю толькі тады, калі яна бачная. Нам патрэбны новы зыходны пункт, каб накіравацца да такой бесканфліктнай разнастайнасці. Зыходным пунктам з’яўляецца Хрыстус, які не падзелены. “Толькі праз Езуса Хрыста мы з’яўляемся братамі… Праз Хрыста нашая прыналежнасць рэальная, цалкавітая і на ўсе часы” (Дытрых Банхофер).

Такім чынам, мы можам абмяняцца дарамі: дзяліцца з іншымі тым, што мы лічым дарам Божым, але таксама прымаючы скарбы, якія Бог заклаў там. “Справа не толькі ў атрыманні інфармацыі пра іншых, каб лепш пазнаць іх, але ў тым, каб прыняць Духа, што даў іх нам у якасці дара” (папа Францішак).

Якім чынам мы можам сабрацца пад адным дахам? Як мы можам разам выйсці ў шлях? Ніжэй некалькі прапановаў:

  • З блізкімі і сем’ямі сабраць некалькі “падставовых” суполак, каб, молячыся разам, слухаць Божае Слова, у цішыні і праслаўленні, дапамагаючы адзін аднаму, пазнаючы лепш адзін адно.
  • Кожная мясцовая суполка, кожная парафія ці збор павінны дзейнічаць з хрысціянамі іншых дэнамінацый ва ўсім, што можна рабіць разам: вывучаць Біблію, весці сацыяльную і душпастарскую працу, катэхізаваць, і не рабіць нічога, не бяручы пад увагу іншых. Структуры, што паралельна выконваюць тую ж дзейнасць, могуць быць аб’яднаныя.
  • Распачаць сумесныя акты салідарнасці, супольна звярнуць увагу на пакуты іншых, на прыхаваны непакой, на бядоту мігрантаў, на матэрыяльную галечу і ўсі іншыя формы пакут, памятаючы таксама пра клопат над навакольным асяроддзем.
  • У шматлікіх гарадах, дзе ўжо з’явіўся давер паміж Цэрквамі, ці не мог бы сабор ці катэдра стаць супольным домам малітвы для ўсіх хрысціян рэгіёну?
  • Пасоўвацца наперад у тэалагічным дыялогу разам з развіццём вымярэння супольнае малітвы і свядомасці таго, што мы ўжо разам. Узрастаючы ў сумесным сяброўстве і молячыся разам, тэалагічныя пытанні бачацца ў іншым святле.
  • Нават калі ўсі хрысціяне атрымалі некаторую долю ў якасці пастырскага дару спаглядаць адзін на аднаго, Царква таксама патрабуе служыцеляў адзінства на ўсіх узроўнях. Служэнне еднасці на ўніверсальным узроўні традыцыйна атаясамліваецца з біскупам Рыму. Ці б не было магчыма для Цэркваў развіваць разнастайныя спосабы атаясамліваць сябе з гэтае паслугаю? Ці не мог бы біскуп Рыму быць прызнаны ўсімі за слугу, што назірае за сваімі братамі і сёстрамі ў іх вялікай разнастайнасці?
  • Ці не павінны Цэрквы, дзе падкрэсліваецца, што еднасць у веры і згода наконт служэння неабходныя да таго, каб атрымаць супольную еднасць і надаць роўную вагу гармоніі ўзаемнае любові? Ці маглі б яны прапанаваць больш шырокую эўхарыстычную гасціну тым, хто дэманструе сваё імкненне да адзінства і якія вераць у рэальную прысутнасць Хрыста? Эўхарыстыя з’яўляецца не толькі кульмінацыяй адзінства, але гэта й шлях, што вядзе да яго.

Нашая хрысціянская свядомасць кшталтуецца супольным непадзельным падарожжам. Ці будзе ў нас смеласць сабрацца пад адным дахам, такім чынам, каб раскрыліся дынамізм і праўда Евангелля?

Printed from: http://www.taize.fr/be_article21348.html - 24 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France