Брат Алоіс 2017

Разам да еднасці Еўрапейскага кантыненту

Пераадолеем страх перад прыбываючымі мігрантамі!

Сустрэча ў Рызе, арганізаваная Супольнасцю Тэзэ напрыканцы снежня 2016 г. збірае разам моладзь з усяе Еўропы¹. Прыязджаюць, як з краін Еўразвязу, так і з па-за ягоных межаў, яны маюць дасвядчэнне супольнасці, здольнага аб’яднаць людзей з усяго кантыненту.

Гэтая паўночная сустрэча таксама дазволіла моладзі з іншых рэгіёнаў адкрыць Еўропу балтыйскіх краін, адну з граняў прыгожай разнастайнасці народаў на гэтым кантыненце, кожнага з уласнае гісторыяй, традыцыямі і асаблівасцямі.

Будучыня супакою вымагае ад еўрапейцаў пашыраць сваю інфармаванасць і дазваляць пашырацца салідарнасці ва ўсіх краінах на кантыненце. Памнажэнне кантактаў, формаў дзялення і супрацоўніцтва з’яўляецца неад’емнаю рэччу.

Пабудова адзінства на кантыненце магчымая толькі ў тым выпадку, калі будзе больш актыўнага дыялогу і прыслухоўвання краін адзін да аднаго: тых у Еўразвязе, і тых з па-за, тых з Заходняе Еўропы, і тых з Еўропы Цэнтральнае й Усходняе, тых з поўначы і поўдня. Кожная краіна, вялікая ці малая, павінна мець права мець голас са сваёю спецыфікаю. Важна прыкласці намаганні, дзеля таго, каб зразумець ад сярэдзіны менталітэт іншых: толькі такім чынам часам супярэчлівыя адносіны могуць быць лепш зразуметы, а выключна ж эмацыйных рэакцый варта пазбягаць.

Ці могуць еўрапейцы зразумець, што іх супольныя шляхі значна больш сумесныя, чым іх адрозненні?

У выніку Другой сусветнай вайны Еўропа супольна выпрацавала імпульс да прабачэння. Пазней, пасля зруйнавання Берлінскага муру, паўстала новая эра пошукаў адзінства. Багата маладзёнаў адчулі, што Еўропа будзе развівацца толькі тады, калі больш глыбока ўвойдзе ў той ідэал братэрства. Яны імкнуцца да Еўропы з’яднанай не толькі ў самой сабе, але адкрыцца на іншыя краіны і ў салідарнасці з народамі, дзе маюць месца вялікія выпрабаванні.

Па ўсім свеце жанчыны і мужчыны, таксама дзеці вымушаныя да апушчэння сваіх дамоў. Бядота змушае іх учыніць гэта. Тая матывацыя мацнейшая за ўсе бар’еры, што паўстаюць на іх дарозе. Непакой не будзе адчувальны так сама ў багатых рэгіёнах, як у бедных, дзе людзі нязносна пакутуюць, будучы вымушанымі пакінуць сваё жытло.

Некаторыя людзі кажуць: “Мы не можам прыняць усіх”. Іншыя разумеюць, што актуальныя перамяшчэнні людзей непазбежныя, бо выкліканыя невыноснае сітуацыяй. Відавочна, што гэты рух варта кантраляваць, у тым ліку на падставе права. Пакідаючы бежанцаў у руках кантрабандыстаў і перад пагрозамі ў Міжземнамор’і, кідаем выклік чалавечым каштоўнасцям.

Заможныя краіны не могуць ухіліцца ад сваёй часткі адказнасці за гістарычныя раны і ўмяшанне ў асяроддзе, што прывяло і працягвае выклікаць вялікія міграцыі з Афрыкі, Блізкага Ўсходу, Цэнтральнае Амерыкі ды іншых рэгіёнаў. Сёння некаторыя палітычныя і эканамічныя рашэнні, што прымаюцца заможнымі краінамі, надаль ствараюць нестабільнасць у іншых галінах. Грамадствам на Захадзе варта пазбыцца страху перад чужынцамі, розніцамі культур, а пачаць смела кшталтаваць новае аблічча таго, што дае міграцыя. Хаця прыбыццё мігрантаў насамрэч стварае багата цяжкасцяў, іх з’яўленне дае магчымасць Еўропе развіваць адкрытасць і салідарнасць.

У некаторых месцах лічба чужынцаў настолькі значная, што мясцовыя жыхары абцяжараныя і вычарпаныя, і тое зразумела. Цяжар занадта вялікі, бо да сённяшняга дня Еўропа не вырашыла, якім чынам несці яго разам. Але многія людзі прапануюць бежанцам цёплы прыём і адкрываюць, што асабістыя кантакты часцяком могуць прывесці да цудоўнага ўзаемапаразумення.

Нішто не заменіць асабістых кантактаў. Гэта перш за ўсё датычыць ісламу. Мусульмане і хрысціяне могуць сумесна шукаць практычных крокаў, каб разам сведчыць у пытаннях супакою і разам адкідваць гвалт, што чыніцца ў імя Бога. Каля 800 гадоў таму Францішак Асізскі, жадаючы зрабіць свой унёсак на рэч супакою, не завагаўся перад паездкаю ў Егіпет, каб сустрэць султана. Маці Тэрэза прысвяціла сваё жыццё найбяднейшым з бедных, не зважаючы на іх рэлігію.

Еўрапейскія краіны, што прагнуць ізалявацца, не маюць будучыні. Сярод еўрапейцаў, як зрэштаю і ў кантактах з бежанцамі, сяброўства і ўзаемападтрымка з’яўляюцца адзіным шляхам прыгатавання супакою.


¹ З 28 снежня 2016 г. па 1 студзеня 2017 г. маладзёны з усяго каныненту – каталікі, праваслаўныя і пратэстанты – узялі ўдзел у 39-ае Еўрапейскае Сустрэчы, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ ў Рызе, латвійскае сталіцы. 2 студзеня гэтая сустрэча перанеслася ў Талін (Эстонія) і Вільню (Летува). Гэта быў чарговы этап Пілігрымкі Даверу на Зямлі, якая праводзіцца Тэзэ цягам многіх гадоў.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article21347.html - 21 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France