Брат Алоіс 2016

Мужнасць Міласэрнасці

На працягу 2015 года ў Тэзэ мы шукалі шляхі, каб прыняць удзел у новых салідарнасцях; бо гэта так актуальна зараз. Па ўсёй зямлі новыя формы бедстваў - міграцыйныя, экалагічныя і сацыяльныя - з’яўляюцца выклікам як для вернікаў розных рэлігій, так і для няверуючых.

Збройны гвалт сее хаос ў імя нечалавечых ідэалогій. Застаючыся з яснаю галавою, мы будзем працягваць нашую “пілігрымку даверу" як спосаб супрацьстаяць страху, народжанаму пачуццём небяспекі. Гэта яшчэ больш актуальна зараз для тых, хто з нецярпеннем чакае ці ўжо жыве глабальнаю салідарнасцю, падтрымліваючы адзін аднаго.

Калі бура суцішылася, дом, збудаваны на скале, застаўся трывалым (Мацвея 7, 24-25). Мы прагнем будаваць нашае жыццё на словах Езуса, і таму нашыя скалы складаюцца з некалькіх асноўных рэчаў з Евангелля, даступных для кожнага: радасць – сціпласць – міласэрнасць. Брат Ражэ размясціў тое ў цэнтры жыцця нашае супольнасці Тэзэ; гэта дазволіла яму працягваць трымацца нават у цяжкія часы. Ён засвоіў іх, каб павяртацца да гэтага дзень па дні.

Гэтыя тры словы будуць весці нас у нашае вандроўцы цягам наступных трох гадоў. У 2016 годзе мы распачнем з міласэрнасці, у тым самым духу, як і Год Міласэрнасці, абвешчаны Папам Францішкам.

Евангелле заклікае нас дзяліцца сведчаннямі Божае міласэрнасці. Далей прадстаўленыя пяць прапановаў, што маюць абудзіць у нас адвагу міласэрнасці.

Брат Алоіс


Першая прапанова
Даверыць сябе Богу, які ёсць міласэрны

Ты Бог, каторы прабачае, ласкавы і спагадлівы Бог, церпялівы і шчыры ў любові (Нээмія 9,17)

Будзь міласэрны, як твой Айцец ёсць міласэрны (Лк 6,36)

Паводле Бібліі Бог ёсць міласэрны, іншымі словамі, спагадлівы і добры. Распавядаючы прытчу пра бацьку і двух ягоных сыноў (Лука 15), Езус паказвае нам, што Божая любоў не залежыць ад таго, ці чынім мы добрае; яна даецца безварункова. Бацька любіць сына, які праз усё сваё жыццё застаецца яму верны. Але ён таксама працягнуў руку да таго, хто яго пакінуў, сына, што надаль яшчэ далёка ад яго.

Бог стварыў чалавецтва на свой узор. Такім чынам, “вы прыпадобніліся да Бога, здабываючы дасканаласць. Сэрца, што напоўнена міласэрнасцю й дабрынёю становіцца блізкім Хрысту” (Васіль Кесарыйскі, IV ст.)

Божая любоў не на адзін момант, але на ўвесь час. Праз нашую спагаду мы можам быць адлюстраваннем гэтае любові. Як хрысціяне мы дзелімся з так вялікай колькасцю вернікаў іншых рэлігій тым, каб размясціць міласэрнасць і дабрыню ў цэнтры нашага жыцця.

++ Будзьма вітаць Божую любоў. Бог ніколі не адвярне свайго сэрца ад нас, а вернасць Божае дабрыні з’яўляецца нашай пастаяннай гарантыяй, нават калі нашыя недахопы прымушаюць нас спатыкнуцца. Калі мы адвернемся ад Бога, мы не павінны баяцца павярнуцца назад і даверыцца яму; Бог заўсёды выходзіць нам насустрач.

++ Мы не павінны разглядаць малітву як карпатлівы пошук, але хутчэй як час, што запрашае нас спыніцца і падышаць, калі Святы Дух напаўняе нас любоўю Бога і дазваляе нам працягваць жыць міласэрнасцю.


Другая прапанова
Прабачаць зноў і зноў

Апраніцеся ж у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць. Будзьце адзін з адным, і даруйце адзін аднаму, калі хтосьці з вас мае крыўды на іншага. Даруйце, так як Бог вам дараваў (да Каласянаў 3,12-13).

Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: “Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?” Езус адказаў яму: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзясят сем разоў” (Мацвея 18,21-22).

Божае прабачэнне ніколі не скончыцца. Цягам усяго свайго жыцця і нават на крыжы Езус прабачаў; ён адмовіўся асуджаць каго-небудзь.

Ведаць пра тое, што даравана нам і што мы павінны дараваць з’яўляецца найбольшай радасцю, якая нас вызваляе. Яна з’яўляецца крыніцаю ўнутранага супакою, які Хрыстос жадае мець для сувязі з намі.
Царква, еднасць тых, хто любіць Езуса, пакліканая да таго, каб быць перамененай міласэрнасцю. “Калі Царква слухае, лечыць і паядноўвае, тое становіцца найбольшым святлом – еднасцю любові, спагады, суцяшэння, выразным адлюстраваннем Уваскрослага Хрыста. Ніколі не аддаляйцеся, ніколі не будзьце ў абароне, вольныя ад усялякае жорсткасці – усё гэта можа прывесці да сціплай веры, што давярае і выпраменьвае наўпрост з чалавечых сэрцаў”. (Брат Ражэ)

Божы заклік прабачэння не можа быць выкарыстаны, каб санкцыяваць зло ці несправядлівасць. Наадварот, гэта робіць нас вольнымі ў прызнанні нашых памылак, а таксама недахопаў і несправядлівасці вакол нас і ў свеце. Гэта дазваляе нам рабіць дабро, усё тое, што можа быць правільным.

++ Давайце паспрабуем дараваць, нават семдзясят сем разоў. Калі рана занадта глыбокая, мы можам паспрабаваць ісці наперад крок за крокам. Перад тым, як тое здарыцца, жаданне дараваць часам можа заставацца ў ценю дазнанай крыўды цягам доўгага часу.

++ Мы можам паказаць, што Царква – гэта адкрытая супольнасць міласэрнасці, без дыскрымінацыі тых, што абапал нас, якая паказвае гасціннасць, устрымліваецца ад катэгарычнага асуджэння іншых, абараняе прыгнечаных усёахопным і шчырым сэрцам…


Трэцяя прапанова
Падыходзім да сітуацыі непакою, самастойна ці з кім-небудзь

Калі ты аддасі галоднаму душу тваю і накорміш душу пакутніка, — тады святло тваё ўзыдзе ў цемры, і морак твой будзе як полудзень (Ісая 58,10).

Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім? (1 Яна 3,17)

Ікона Міласэрнасці паказвае нам Хрыста, які глядзіць на нас з любоўю, і распавядае нам прыпавесць пра добрага самараніна (Лука 10): чалавек пакінуў паўмёртвага на ўзбочыне; святар і левіт, што праходзілі міма, працягнулі свой шлях; іншаземец з Самарыі наблізіўся да параненага, прывёз у заезд і паклапаціўся пра яго.

Міласэрнасць адкрывае нашыя сэрцы на цяжкасці іншых, на схаваныя формы бядоты, на матэрыяльную нястачу, а таксама на ўсе іншыя пакуты: дзіця, што перажывае цяжкія часы, сям’ю ў складанае сітуацыі, бяздомных асобаў, моладзь, якая не бачыць сэнсу ў сваім жыцці, самотных старэйшых людзей, пра якіх запамяталі, а таксама тых, хто не мае доступу да адукацыі, мастацтва і культуры.

Праз беднякоў праяўляецца сам Хрыстус, які спадзяецца на нашую спагаду, і які кажа нам: “Я быў галодны, і вы накармілі мяне” (Мацвея 25). “Выказваючы спачуванне, Хрыстус бярэ на сябе пакуты кожнага чалавека. У сваёй дабрыні ён прымае пакуты, што перабываюць у кожным чалавеку аж да канца свету” (Максім Вызнаўца, VII ст.).

Калі мы былі зраненыя выпрабаваннямі, Хрыстус клапаціўся пра нас. Ягоны позірк любові можа праяўляцца праз некага, хто знаходзіцца побач з намі, часам праз чалавека, які глядзеў з пагардаю, нібы той незнаёмец з прыпавесці пра самараніна.

++ Набярэмся адвагі, самастойна ці з кім-небудзь, у сітуацыі непакою вакол нас, на нашай жыццёвай дарозе. Міласэрнасць не сентыментальная, але патрабавальная; яна не ведае межаў. Законам усталяваныя дакладныя межы абавязкаў, у той жа час як міласэрнасць ніколі не скажа “Дастаткова, мой абавязак выкананы”.


Чацьвертая прапанова
Пашырыць міласэрнасць у сацыяльным аспекце

Я — Пан, Які творыць міласць, суд і праўду на зямлі (Ерамія 9,23).

Сказана табе, што — дабро, і чаго патрабуе ад цябе Пан: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім (Міхей 6,8).

Для Божага сэрца ўсё чалавецтва з’яўляецца адною сям’ёю. Такім чынам, міласэрнасць распаўсюджваецца па ўсіх напрамках.

Дзеля таго, каб сусветная салідарнасць стала рэальнасцю, неабходна ўмацаванне міжнародных інстытуцый, што дэмакратычна ўсталёўваюць правілы ў мэтах забеспячэння большае справядлівасці і падтрымання міру.

Запазычанасць бедных краін часта з’яўляецца вынікам выкарыстання іх рэсурсаў праз больш моцныя дзяржавы і карпарацыі. Нават калі мы лічым, што змяніць тое немагчыма, дастаткова ўзгадаць пра тое, што спісанне тых даўгоў ужо будзе спосабам аднаўлення справядлівасці. У кантэксце, што істотна адрозніваецца ад сённяшняга, Біблія прыгадвае нам: “Калі брат твой збяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою” (Лявіт 25,35).

Па ўсім свеце жанчыны, мужчыны і дзеці вымушаныя пакінуць свае родныя мясціны. Іх стан нараджае ў іх матывацыю мацнейшую за любыя перашкоды. Багатыя краіны павінны ўсведамляць, што яны нясуць сваю долю адказнасці за раны гісторыі, якія прывялі да масавай міграцыі, асабліва з Афрыкі і Блізкага Ўсходу.

++ Важна разумець, што, нават калі прыток бежанцаў і мігрантаў стварае складаныя праблемы, гэта таксама можа быць станоўчаю магчымасцю. Тыя, хто пагрукаюць у дзверы больш багатых краінаў, чым іх уласныя, натхняюць гэтыя краіны жыць салідарнасцю разам з німі. Хіба яны не дапамагаюць ім атрымаць новыя жыццёвыя сілы? Пры сумесным вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць у выніку хвалі мігрантаў, краіны Еўрапейскае супольнасці могуць аднавіць дынамізм, які запавольваецца.

++ Мы павінны выйсці за рамкі боязі незнаёмых людзей і культурных адрозненняў. Такі страх зразумелы - тыя, хто дапамагаюць прымаць мігрантаў, часам амаль цалкам вычарпаныя. Страх не будзе змяншацца, аднак, ізалюючы сябе за сценамі, хутчэй будзе перадавацца да тых, каго мы пакуль не ведаем. Замест таго, каб у незнаёмцу бачыць пагрозу нашаму ўзроўню жыцця або нашай культуры, ці не будзе важнейшым прывітаць адзін аднаго як членаў адной і той жа чалавечай сям’і?


Пятая прапанова
Міласэрнасць для ўсяго стварэння

Шэсць дзён рабі справы твае, а ў сёмы дзень супакойся, каб адпачыў вол твой і асёл твой (Кніга Зыходу 23,12).

Шэсць гадоў засявай зямлю тваю і збірай плён яе, а ў сёмы пакідай яе ў спакоі (Кніга Зыходу 23,10).

На мове свайго часу Біблія заклікае нас, каб пашыраць нашае спачуванне да навакольнага асяроддзя, паважаць ўсе жывыя істоты, не працаваць на зямлі без праніклівасці. Хрысціянін з Месапатаміі напісаў “Спагадлівае сэрца не можа бачыць найменшага зла ці найменшага смутку ў пік стварэння” (Ісак Сірыйскі, VII ст.).

Першымі ахвярамі экалагічных катастроф, як правіла, становяцца найбяднейшыя. А эфекты, выкліканыя кліматычнымі зменамі, у сваю чаргу вымушаюць багата людзей пакідаць месцы, дзе яны жывуць.

Зямля належыць Богу; людзі атрымліваюць яе ў якасці дара. На нас ляжыць вялікая адказнасць: клапаціцца пра планету і не марнаваць ейных рэсурсаў. Зямля абмежаваная, таму людзі таксама павінны пагадзіцца на пэўныя межы.

Зямля – наш агульны дом, і сёння яна пакутуе. Таму не можа быць месца абыякавасці перад выклікам экалагічных катастроф, знікненнем цэлых гатункаў, пагрозаю біяразнастайнасці, альбо масавай вырубкі лясоў у некаторых частках глобусу.

++ Якім чынам мы можам выказаць сваю салідарнасць з усім стварэннем? Прымаючы рашэнні, што ўплываюць на нашае паўсядзённае жыццё, звяртаючы сур’ёзную ўвагу на нашую дзейнасць у якасці спажыўцоў ці грамадзян, робячы свядомы выбар на карысць больш сціплага жыцця. Больш сціплы лад нашага жыцця можа быць крыніцаю радасці. Напрыклад, ёсць людзі, якія трымаюць пост у інтэнцыі клімату і справядлівасці ў першы дзень кожнага месяца. Робячы гэтыя крокі, мы дэманстуем Божую міласэрнасць усім, хто з’яўляецца часткаю нашага агульнага дому – Зямлі, і тое не адзін з варыянтаў, а толькі ўмова жыцця на ёй у шчасці.

PDF - 3.4 Mb
2016_The Courage of Mercy

"Прапановы на 2016 год" на азіяцкіх мовах.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article20318.html - 24 February 2017
Copyright © 2017 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France